Ці выйдзе Віктар Бабарыка на волю раней?



Адзін з галоўных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі, які кінуў пальчатку нязменнаму кіраўніку Беларусі, пакараны 14-цю гадамі турмы. Бізнесовец і мецэнат Віктар Бабарыка не быў нават дапушчаны да ўдзелу ў так званых выбарах. Судовы вырак фармальна грунтаваўся на “эканамічных” артыкулах, але ў гэтым няма нічога экстраардынарнага, паколькі і раней апаненты Аляксандра Лукашэнкі, якія спрабавалі з ім спаборнічаць за ўладу, сядзелі “не за палітыку”, а паводле “крымінальных” артыкулаў. Аднак такі вялікі тэрмін, які прысудзілі Віктару Бабарыку, раней ніколі не выносіўся апазіцыйным прэтэндэнтам. Гэты факт, роўна як і нядопуск Бабарыкі да выбараў, паказвае, што дадзены чалавек успрымаецца рэжымам як асноўная крыніца небяспекі.

Беларускае грамадства адрэагавала на жорсткі прысуд Віктару Бабарыку дастаткова стрымана. Ля будынка суда, дзе абвясцілі тэрмін зняволення, сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек. Паводле дадзеных праваабаронцаў, як мінімум двое грамадзян былі затрыманыя сілавікамі. Некалькі дзясяткаў чалавек ля суда — гэта, на першы погляд, мала, калі ўлічыць, што каманда Бабарыкі сабрала ў ягоную падтрымку год назад каля 400 тысяч подпісаў. Але, улічваючы маштаб рэпрэсій супраць беларусаў, такі паказнік — надзвычайная справа. Сумнеўна, што хтосьці з беларускіх палітыкаў у такіх умовах змог бы мабілізаваць столькі людзей у сваю падтрымку. Сацыяльныя сеткі па зразумелых прычынах адрэагавалі на вырак Бабарыку куды больш актыўна. Лейтматыў мноства выказванняў такі: “Віктар Бабарыка не будзе адбываць увесь тэрмін”. З аргументацыяй наконт таго, чаму палітык выйдзе на волю раней, усё значна складаней. Але па змаўчанні прыхільнікі Віктара Бабарыкі перакананыя, што яму не давядзецца адсядзець нават траціну тэрміна.

Ці можа ўнутрыпалітычная сітуацыя ў Беларусі паўплываць на датэрміновае вызваленне Віктара Бабарыкі? Нават чыста гіпатэтычна складана ўявіць, як беларусы самі могуць паспрыяць выхаду сваіх лідараў на волю ў дадзены момант. За апошнюю чвэрць стагоддзя, напэўна, аднойчы беларусы дабіліся датэрміновага вызвалення “палітычных”. У жніўні 2020 года, калі пасля выхаду на вуліцы соцень тысяч грамадзянаў, нечакана дзверы СІЗА і ІЧУ па ўсёй краіне адчыніліся. На волі апынуліся тысячы затрыманых пратэстоўцаў, аднак не выйшлі лідары апазіцыі, у тым ліку Віктар Бабарыка. Улада цудоўна ўсведамляе пагрозы ад папулярных лідараў, якія могуць надаць новы імпульс пратэстам.

Аднак аптымістычныя выказванні беларускіх інтэрнаўтаў адносна таго, што вызваленне Бабарыкі адбудзецца раней, чым прысудзіў суддзя, не такія ўжо і беспадстаўныя. Пра гэта сведчыць як статыстыка папярэдніх тэрмінаў зняволення апанентаў кіраўніка дзяржавы, так і логіка працэсаў. Калі абапірацца на факты, то ніводзін з абвінавачаных прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва не дасядзеў да канца тэрміна. Экс-рэктара БДУ Аляксандра Казуліна выпусцілі праз два гады пасля зняволення. Былы дыпламат Андрэй Саннікаў таксама выйшаў на волю датэрмінова. Больш за ўсіх адбываў пакаранне кандыдат на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч, паколькі ён не пісаў прашэнняў аб памілаванні. Але і бескампраміснага вайскоўца Аляксандр Лукашэнка вызваліў раней. Усе рашэнні аб вызваленні палітвязняў прымаліся ўладай з улікам бягучай палітычнай абстаноўкі і азначалі пачатак перыяду чарговай адлігі. Варта дадаць, што вызначальным фактарам датэрміновага вызвалення быў ціск з боку Захаду. Адпаведна, можна меркаваць, што і ў выпадку Віктара Бабарыкі асноўным фактарам вызвалення стане кансалідаваная пазіцыя заходніх дзяржаваў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ