Ці ёсць падставы параўноўваць Беларусь з Крымам?



Каб зразумець беларускую палітычную рэчаіснасць, варта час ад часу параўноўваць падзеі з тым, што адбываецца ў суседзяў. Вось, скажам, навіны з анексаванага Расеяй Крыму ў нечым нагадваюць увесь той “трэш”, які назіраюць беларусы ў апошнія некалькі месяцаў. Напрыклад, Расейскі Паўднёвы акруговы вайсковы суд адправіў на 5 гадоў за краты 62-гадовага жыхара Крыма, этнічнага ўкраінца Алега Прыходзьку. Віна гэтага чалавека заключалася толькі ў тым, што ён не хаваў свайго непрымання расейскай агрэсіі, вывешваў украінскі дзяржаўны сцяг на сваім доме і адмаўляўся мяняць украінскія рэгістрацыйныя нумары на аўтамабілі. Цягам некалькіх гадоў яго ўвесь час пераследавалі. І вось дайшла справа да абвінавачання ў падрыхтоўцы тэрактаў. Следчыя ФСБ нібыта знайшлі ў гаражы прынцыповага грамадзяніна Алега Прыходзькі “самаробнае выбуховае прыстасаванне”.

Гісторыя пераследу крымчаніна Алега Прыходзькі па сюжэце нагадвае тое, як беларускія ўладаахоўнікі змагаюцца з прыхільнікамі пераменаў, як палююць на бчб-сімволіку і фабрыкуюць адміністрацыйныя справы. Кожны дзень у Беларусі публікуюцца факты пра дзікунскія выпадкі пераследу грамадзянаў, пра ператрусы, мэтай якіх з’яўляюцца пошукі бчб-сцягоў, хоць дадзеная сімволіка не забароненая законамі. Літаральна ў гэты момант незалежныя СМІ паведамляюць пра цкаванне праграміста Іллі Квачэнкі, жыхара сталічнага раёна “Пірс”, які на ўласным балконе вывесіў бел-чырвона-белы сцяг з “Пагоняй”. Спачатку так званыя сілавікі на эвакуатары ўгналі машыну грамадзяніна, а потым затрымалі і яго самога.

У дзеяннях супрацоўнікаў органаў як у анексаваным Крыме, так і ў Беларусі ёсць пэўныя падабенствы: нянавісць да антыкаланіяльных сімвалаў (жоўта-блакітнага і бел-чырвона-белага сцягоў), рэпрэсіі ў дачыненні да іншадумцаў і ігнараванне нават уласных законаў. І крымскія, і лукашэнкаўскія сілавікі ў сваёй дзейнасці кіруюцца прынцыпам “часам не да законаў”. Ва ўмовах анексаванага Крыму, які яшчэ нядаўна адносіўся да Украіны, і новы статус якога не прызнае цывілізаваны свет, дзеянні адміністрацыі ўпісваюцца ў шаблоны акупацыйнай улады. Расейскія ўлады вельмі балюча ўспрымаюць любыя праявы ўкраінскай ідэнтычнасці крымчанаў і паводзяць сябе так, як рабілі гэта любыя захопнікі ў ранейшыя эпохі. А вось у незалежнай Беларусі пераслед уласных грамадзянаў за дазволеную сімволіку, якая ў пачатку 1990-х была дзяржаўнай і пад якой прымаў прысягу цяперашні кіраўнік дзяржавы, выклікае ў многіх беларусаў дысананс.

Зрэшты, паралелі з Крымам знікаюць пасля параўнання шэрагу дэмаграфічных характарыстык. Так, паводле статыстычных дадзеных, у Беларусі больш за 80% насельніцтва пазначылі сваю нацыянальнасць як беларусы. У той час як у Крыме – этнічных украінцаў трошкі больш за 40%. Акрамя таго, трыццаць год жыцця ў незалежнай дзяржаве пераўтварылі саветызаваных беларусаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей, што пражываюць у Беларусі, у адзіную грамадзянскую нацыю. Праз непрыманне грамадствам метадаў падаўлення пратэстаў нават тыя, хто вагаўся і меў сантыменты да былой метраполіі, зрабілі выразны выбар на карысць беларускай дзяржавы, прычым з усімі атрыбутамі, якія доўгія гады асацыяваліся з нацыяналістычнымі сіламі. І гэты дрэйф мае глыбінны характар, які не спыніць адміністрацыйнымі справамі за вывешванне бел-чырвона-белых сняжынак на вокнах і змаганне са стужкамі. А палітызацыя масаў, якую мы назіраем у апошняе паўгоддзе, сведчыць пра фармаванне сучаснай палітычнай нацыі, якая не будзе доўга цярпець сваволля сілавікоў, якія па азначэнні з’яўляюцца праваднікамі інтарэсаў кіруючага класу і не маюць устойлівай ідэнтычнасці.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ