Ці ёсць шанс на дэмакратызацыю Казахстана?



Нурсултан Назарбаеў – рэкардсмен па палітычным доўгажыхарстве на постсавецкай прасторы сярод кіраўнікоў дзяржаваў. Ён кіраваў Казахстанам амаль 30 гадоў. За гэты час Нурсултан Абішавіч запомніўся тым, што стаяў ля вытокаў незалежнага Казахстана, пераносіў сталіцу з Алма-Аты ў Астану, перавёў казахскую мову на лацінічны алфавіт. Словам, зрабіў дастаткова, каб атрымаць пажыццёвы статус “елбасы”, то бок нацыянальнага лідара, а не тое што некаторыя маглі б падумаць.

За перыяд  ягонага кіравання здараліся тыповыя для постсавецкага аўтарытарнага кіраўніка рэчы: пераследы апанентаў рэжыму і журналістаў, разгоны дэманстрацый і рэферэндумы па ўмацаванні сістэмы. Прывядзем адну характэрную цытату Назарбаева ўзору 2000 года. Тады вырашалася пытанне адносна заканчэння ягоных паўнамоцтваў, згодна з Канстытуцыяй Казахстану. “У Канстытуцыі ўсё сказана абсалютна ясна. Мае паўнамоцтвы – да снежня 2000 года… Ніякай манархіі ніколі ў Казахстане не будзе. Ніякія мае дочкі маімі дарадцамі ніколі не будуць. І ніякай спадчыннасці ў Казахстане не будзе”, — гаварыў Назарбаеў амаль 20 гадоў таму назад. Што праўда, гэтыя выказванні не перашкодзілі яму перапісаць Канстытуцыю пад сябе, каб працягваць кіраваць. Зрэшты, ён і цяпер, калі ў прамым эфіры нацыянальнага тэлебачання заявіў пра адстаўку, трымае лейцы кіравання краінай у сваіх руках. У прыватнасці, застаецца сакратаром Рады Бяспекі, то бок кіруе сілавікамі. А ягоная дачка Дарыга раптоўна сталася спікерам Сената Казахстана. Зрэшты, часова выконваючы абавязкі прэзідэнта Касым-Жомарт Такаеў таксама не чужы Назарбаеву чалавек. Ён з савецкіх часоў не адыходзіў ад свайго шэфа, займаючы ў розныя гады пасады міністра замежных справаў, быў прэм’ерам і прадстаўніком Казахстана ў ААН. Пацверджаннем лаяльнасці новага кіраўніка да экс-прэзідэнта стала ягоная ініцыятыва па перайменаванні сталіцы Астаны ў Нурсултан, што аператыўна падтрымалі дэпутаты казахскага парламента. Такім чынам, улада, нягледзячы на ракіроўку, засталася ў руках прадстаўнікоў аднаго клана. Дарэчы, Касым-Жомарт Такаеў паходзіць з таго самага старэйшага жузу (група казахскіх плямёнаў), што і “елбасы”. Гэта, відаць, таксама з’яўляецца дадатковай гарантыяй бяспекі былому кіраўніку.

Яшчэ некалькі месяцаў таму назад многія палітычныя аглядальнікі амаль ва ўнісон называлі транзіт улады ў Казахстане слабым месцам рэжыма Назарбаева. У гэтай постсавецкай дзяржаве выбары як інстытут дэмакратычнай перамены ўлады не працуюць, а апазіцыя маргіналізаваная. І вось Нурсултан Назарбаеў знайшоў механізм перадачы ўлады. Ён не стаў надта арыгінальнічаць, сышоў, нібыта Барыс Ельцын, у адстаўку, прызначыўшы пераемнікам чалавека са свайго асяроддзя. Новы прэзідэнт Казахстана Касым-Жомарт Такаеў мае дыпламатычную адукацыю, працаваў паводле сваёй спецыяльнасці некалькі дзесяцігоддзяў. Выглядае на тое, што яму прапанаваная роля быць гарантам бяспекі клана Назарбаевых, а таксама захоўваць ранейшую лінію ў знешнепалітычных дачыненнях, перадусім, у адносінах з Масквой. Што да спадзяванняў на дэмакратызацыю, то, хутчэй за ўсё, ніякіх тэктанічных зрухаў у Казахстане не адбудзецца. Гэта можна меркаваць як па біяграфіі новага нацлідара, так і па цяперашняй расстаноўцы сіл у Казахстане. Разам з тым, сыход з палітычнай арэны доўгажыхара Нурсултана Назарбаева – усё роўна знакавая падзея, накшталт “нечаканай” смерці вечнага аўстрыйскага імператара Франца Іосіфа, які кіраваў сваёй дзяржавай 68 год ( з 1848 па 1916-ы). Тады многія жыхары Расейскай імперыі ўспрынялі гэтую навіну як прыкмету хуткіх пераменаў, што, зрэшты, і здарылася неўзабаве.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ