Ці зможа Дональд Трамп пабудаваць сцяну з дапамогай ваенных?
У сітуацыі супрацьстаяння прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і Кангрэса ў пытанні ўзвядзення агароджы на мяжы з Мексікай асабліва цікавыя два моманты. Па-першае, такое рашэнне прэзідэнт не можа прыняць адзінаасобна. Для выдзялення грошай на будаўніцтва яму патрэбна заручыцца падтрымкай кангрэсменаў, прычым перад кіраўніком дзяржавы стаіць няпростая задача пераканання сваіх ідэалагічных апанентаў з лагеру Дэмакратычнай партыі. Па-другое, паўнамоцтваў прэзідэнта ЗША хапае на тое, каб зрабіць абходны манеўр, але, зноў-такі, для гэтага яму трэба пераканаць ваенных з Пентагона.
Спынімся на другім пункце больш падрабязна. Абходны манеўр Трампа ў справе будаўніцтва працяглай агароджы на амерыкана-мексіканскай мяжы можа адбыцца ў выніку ўвядзення прэзідэнтам надзвычайнага палажэння. Такі крок дазволіць амерыканскаму лідару выкарыстоўваць для будаўніцтва стратэгічнага аб’екта ваенны бюджэт, каб пабудаваць сцяну высілкамі вайскоўцаў. У амерыканскім заканадаўстве для гэтых мэтаў прадугледжаны спецыяльны закон (U.S. Code governing the military). Да адмысловага пункту гэтага закону амерыканскія ваенныя ў апошнія гады звярталіся некалькі разоў, калі рэалізоўвалі праекты ў сферы будаўніцтва ў Іраку, Афганістане і шэрагу іншых дзяржаваў.
Што азначае на практыцы рашэнне Дональда Трампа аб выкарыстанні вайскоўцаў для пабудовы сцяны на мяжы з Мексікай?
Увядзенне прэзідэнтам надзвычайнага становішча дазволіць яму абысці бюракратычныя перашкоды, якія не дазваляюць яму выкарыстаць для вырашэння праблемы бюджэтныя сродкі. Што надзвычай здзіўляе ва ўсёй гэтай сітуацыі, дык гэта тое, што амерыканскія вайскоўцы маюць вельмі значныя свабодныя сродкі, якія могуць пры патрэбе быць накіраваныя на будаўніцтва сцяны. Выданне Washington Post паведамляе, што ў 2018 годзе Пентагон не выкарыстаў прыкладна каля 10 млрд долараў са свайго вайсковага бюджэта. Акрамя гэтага, у ваенных засталося дадаткова каля 13 млрд, якія не выкарысталіся ў папярэднія гады. То бок, большая частка сумы, неабходная для будаўніцтва паркана, ёсць у вайскоўцаў ужо цяпер. Ва ўсёй гэтай гісторыі адметна тое, што Пентагон, аказваецца, дзейнічае не як інстытуцыя постсавецкай дзяржавы, якая ўяўляе сабой бяздонную бочку. Самым папулярным словам нашых вайсковых фінансістаў, без сумнева, з’яўляецца “засваенне”, калі з дзяржавы ўсяляк выбіваюцца дадатковыя сродкі на падтрыманне штаноў. Насамрэч жа немэтавае, непразрыстае і марнатраўніцкае выкарыстанне грошай вядзе да збяднення арміі і дзяржавы. У ЗША, наадварот, як паказвае выпадак з Мексіканскай сцяной, бухгалтэрыя Пентагона вядзецца максімальна рацыянальна і транспарэнтна, як у прыватнай фірме. У выніку Пентагон мае ў распараджэнні каласальныя зэканомленыя сродкі, што гучыць абсалютна фантастычна для жыхароў постсавецкай прасторы.