Ці з’яўляюцца новыя сэнсы ў афіцыйным свяце?



На фоне шматлікіх штучных мерапрыемстваў, звязаных з афіцыйным Днём незалежнасці, сёлета некаторыя дзяржаўныя ведамствы здзівілі досыць крэатыўным падыходам. Супрацоўнікі Міністэрства замежных справаў, напрыклад, змаглі перафарматаваць пафасную канцэпцыю дзяржаўнага свята, ачалавечыўшы яго аповедамі з гісторыі сваіх сем’яў.

Пад хэштэгам BY75, які сімвалізуе 75-ую гадавіну вызвалення Беларусі ад нацыстоўскіх захопнікаў, у сацыяльнай сетцы Фэйсбук можна паглядзець пару дзясяткаў відэа ад беларускіх дыпламатаў. У гэтых роліках, вядома, не ўсё выглядае шчырым. Нехта, як супрацоўнікі адной беларускай амбасады ў суседняй краіне, з пратакольнымі тварамі зачыталі маласэнсоўную віншаванку, густа перасыпаную канцылярызмамі і штампамі, разбавіўшы гэта кадрамі шэсця з вянкамі і кветкамі. Супрацоўнікі дыпламатычнай пляцоўкі Беларусі ў Егіпце праспявалі партызанскі хіт аўтарства кампазітара Уладзіміра Алоўнікава на словы паэта Адама Русака “Ой, бярозы ды сосны”. Атрымацца магло б гэта дастаткова някепска, каб не піянерская манера выканання.

Але ў астатнім дыпламаты запісалі кранальныя відэазвароты. Трэба адзначыць, што большасць віншаванняў было на роднай мове, што, безумоўна, дадало душэўнасці і цеплыні. Амбасадарка ў Аўстрыі Алена Купчына праспявала народную песню “Шлі салдацікі дамоў”, чым сабрала больш за сотню “лайкаў” – незвычайны поспех афіцыйнага акаўнта МЗС. Аказваецца, сярод дыпламатаў ёсць супрацоўнікі з неблагімі вакальнымі дадзенымі. Іншыя паслы дэкламавалі вершы нашых класікаў Петруся Броўкі, Максіма Танка на ваенную тэматыку.

А вось былы прэс-сакратар МЗС Беларусі, кіраўнік нашага дыппрадстаўніцтва ў Швецыі ў цяперашні час, Дзмітрый Мірончык распавёў гісторыю сваёй сям’і, у якой многія беларусы маглі пачуць знаёмыя для ўсіх нас аповеды пра жахі акупацыі, галечу, голад, гібель блізкіх. Асабліва ў тым аповедзе ўражваюць дэталі пра пабудову новай хаты на папялішчы высілкамі прабабулі, якая страціла гаспадара і сына на той вайне. Цэглу для печкі жанчына вымушаная насіць за некалькі кіламетраў, па некалькі штук, з руінаў разбуранай сядзібы. Сімвалізм гэтага дзеяння, трагедыя цывільных грамадзянаў, якія засталіся на акупаванай тэрыторыі, шчырая манера расповеду – усё гэта не пакідае гледачоў абыякавымі. Самае галоўнае, Дзмітрый Мірончык зазначыў, што людзі, якія перажылі вайну, не любілі пра яе згадваць лішні раз.

Акцыя МЗС “Давайце памятаць разам” збольшага выклікала сімпатыю аўдыторыі, якая стамілася ад фальшывай прапаганды, якая дзесяцігоддзямі спекулюе на тэме вайны. Дарэчы, для беларусаў яна насамрэч была адной з самых вялікіх трагедый ХХ стагоддзя. Тых, каго не пакасілі І Сусветная, рэвалюцыя, грамадзянская вайна, Савецка-польская, сталінізм, амаль дабіла ІІ Сусветная. Але беларусы, нягледзячы ні на што, выжылі, адбудавалі краіну і нават дамагліся незалежнасці. Таму 3 ліпеня, у прынцыпе, можа насамрэч успрымацца шырокімі масамі як дзяржаўнае свята, звязанае з вызваленнем ад акупацыі, як сімвалічная кропка адліку, з якой пачалося вяртанне да мірнага жыцця. Аднак усё-такі дачыненне гэтай даты да незалежнасці як самай важнай падзеі для мадэрнай беларускай нацыі абсалютна ўмоўнае.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ