У Беларусі пачалі прымаць жорсткія захады па супрацьдзеянні эпідэміі каронавіруса



Паводле дадзеных афіцыйнай статыстыкі, за папярэднія суткі 17 беларусаў сышлі з жыцця праз каронавірус. Гэта самы вялікі паказнік смяротнасці за ўвесь час назірання пандэміі ў Беларусі. Аднак у беларускага грамадства ёсць падставы не давяраць лічбе, прадстаўленай Міністэрствам аховы здароўя. Кожны дзень мы чуем ад нашых знаёмых і сваякоў інфармацыю пра тое, што нехта з іх бліжэйшага асяроддзя “згарэў” ад ковіда. А калі гэтыя дадзеныя спраецыраваць на маштаб краіны, становіцца зразумелым, што ўзровень смяротнасці можа быць значна вышэйшым за афіцыйныя звесткі. Але нават калі Міністэрства аховы здароўя не падманвае, то ўсё роўна 4-я хваля каронавірусу ў Беларусі выглядае самай бязлітаснай.

На фоне чацвёртай хвалі пандэміі ў Беларусі, ахвярамі якой становяцца ўсё больш маладых людзей, актуалізавалася пытанне вакцынацыі. Для жыхароў нашай краіны прапаноўваецца два варыянты з вакцынамі: расейскай і кітайскай вытворчасцей. Нягледзячы на заклікі чыноўнікаў Міністэрства аховы здароўя, беларусы да апошняга не надта спяшаліся ставіць вакцыны. Прычынамі дастаткова пасіўнай рэакцыі на заклікі медыкаў з’яўляецца не столькі каронаскептыцызм, колькі агульны недавер да сістэмы і да вакцынаў, якія ёй прапаноўваюцца. Апошнім часам, праўда, сітуацыя пачала выпраўляцца, калі да вакцынавання сталі заклікаць лідары меркаванняў з асяроддзя вядомых спартоўцаў, аўтарытэтных медыкаў, грамадскіх дзеячаў.

У адрозненне ад папярэдніх хваляў каронавіруса ў Беларусі, цяпер улада ўсяляк дэманструе сваю актыўнасць у плане прыняцця супрацьвірусных захадаў. У прыватнасці, сярод мераў — забарона на з’яўленне ў публічных месцах без маскі. Цяпер за такую правіну прадугледжаны круглы штраф да 30 базавых велічыняў для фізічнай асобы, да 200 базавых — для іп, да 500 базавых — для юрыдычных асобаў. Такім чынам, улада ўзялася выхоўваць грамадзянаў грашыма. Такая рэакцыя цікавая тым, што ў папярэднія ўсплёскі эпідэміі не назіралася жорсткіх метадаў супрацьдзеяння пашырэнню смяротнанебяспечнаму вірусу. Больш за тое, улады Беларусі на фоне іншых еўрапейскіх краін адмовіліся ад каранцінных захадаў і дэманстравалі каронаскептыцызм. І вось на другі год пандэміі ўсё змянілася. Што магло паўплываць на змяненне пазіцыі дзяржавы на каронавірус?

Па-першае, увядзенне штрафаў за адмову насіць маску ў грамадскім месцы сведчыць, магчыма, пра тое, што рэальны маштаб захворвання настолькі сур’ёзны, што далей ігнараваць праблему немагчыма. Па-другое, пандэмія — добры спосаб пераключыць увагу грамадства ад унутрапалітычнага крызісу, які далёкі ад вырашэння, на пытанні здароўя. Адпаведна, шчыраванні ўлады на глебе пераадолення наступстваў даюць магчымасць палепшыць імідж у вачах грамадзянаў. Па-трэцяе, будучыя гаспадарчыя праблемы, якія могуць паўстаць у выніку санкцый як элемента супрацьстаяння з Захадам, можна таксама патлумачыць пандэміяй.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ