У расейска-ўкраінскай вайне адкрываецца новы фронт?



З Адэсай звязаныя сама меней два эпізоды расейска-ўкраінскай вайны, пра якія ведае ўвесь свет. У самым пачатку расейскага ўварвання памежнікі з вострава Змяіны, які знаходзіцца недалёка ад румынскіх тэрытарыяльных водаў, адмовіліся здавацца ў палон і адправілі па вядомым курсе флагман Чарнаморскага флоту РФ. Пазней крэйсер “Масква”, той самы, які паслалі ўкраінскія памежнікі, быў затоплены дзвюма ракетамі “Нептун”, запушчанымі з тэрыторыі Адэскае вобласці. Менавіта затапленне “забойцы авіяносцаў”, паводле меркавання вайсковых аналітыкаў, сарвала планы на высадку дэсанту РФ для акупацыі галоўнага ваеннага порту Украіны Адэсы. Бліскучая спецаперацыя ўкраінскіх вайскоўцаў, аднак, не магла не выклікаць адказу Масквы, якая не бачыць сэнсу ў гэтай вайне без здабыцця ўсяго ўкраінскага Прычарнамор’я. І вось пасля 60 дзён вайны назіраюцца прыкметы таго, што РФ рыхтуецца падключыць да аперацыі супраць Украіны групоўку войскаў у непрызнанай рэспубліцы Прыднястроўе. Выглядае на тое, што спецслужбы РФ намагаюцца стварыць падставу для ўцягнення гэтай квазідзяржавы ў паўнавартасную вайну.

У апошнія два дні ў Прыднястроўі здарыліся ажно два выпадкі, якія цягнуць на casus belli. 25 красавіка ўвечары з гранатамётаў невядомыя абстралялі будынак МГБ — міністэрства дзяржбяспекі Прыднястроўскай рэспублікі. На наступны дзень здарыліся дыверсіі адразу ў некалькіх месцах. Паведамляецца пра падрывы радыёвышак, якія транслявалі расейскія станцыі. Таксама гаворыцца пра нанясенне ракетных удараў па адным з ваенных аэрадромаў. Гэтыя здарэнні выклікалі паніку ў мясцовага насельніцтва, якое пачало эвакуявацца з Прыднястроўя. Пра сур’ёзнасць сітуацыі таксама сведчыць тое, што прэзідэнт Малдовы Мая Санду склікала тэрміновую нараду Савета Бяспекі. А кіраўніцтва сепаратысцкага ўтварэння абвясціла “чырвоны” ўзровень тэрарыстычнай небяспекі. У гэтым звязку варта звярнуць увагу на рэакцыю афіцыйнай Масквы на эскалацыю напружання на паўднёва-заходнім участку ўкраінскай мяжы. Вельмі аператыўна на падзеі адрэагавала расейская Дзярждума, дэпутаты якой паспрабавалі адхрасціцца ад тэрактаў, заявіўшы, што “ўсё, што адбываецца ў Прыднястроўі — гэта правакацыя з мэтай зацягнуць Расею ў далейшыя дзеянні ў рэгіёне”. Такое адчуванне, што РФ у гэтым рэгіёне не вядзе маштабнай вайны два апошнія месяцы. Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў выказаў занепакоенасць сітуацыяй і заявіў, што ніякіх кансультацый з кіраўніцтвам Малдовы наконт абвастрэння сітуацыі Масква не вядзе. Рэакцыя афіцыйнага Кіева на выбухі ў Прыднястроўі была заканамернай. “Відавочна, што гэты выпадак з’яўляецца адным з шэрагу правакацыйных мерапрыемстваў, арганізаваных ФСБ для распальвання панікі і антыўкраінскіх настрояў”, — заяўляе ўкраінскі бок. Паралельна з тэрактамі на тэрыторыі Прыднястроўя быў нанесены ракетны ўдар па Адэскай вобласці, расейскія войскі ўзарвалі мост праз Днястроўскі ліман, фактычна адрэзаўшы частку тэрыторыі ад Украіны.

Каб зразумець логіку далейшых падзей у рэгіёне, варта звярнуць увагу на тое, што адбываецца ў так званым Прыднястроўі ў апошнія гады. У 2016 годзе так званы прэзідэнт ПМР падпісаў указ пра рэалізацыю вынікаў рэферэндума 2006 года, згодна якому ПМР гарманізуе заканадаўчую базу з расейскай з мэтай аб’яднання ў адзіную дзяржаву. Таксама з 2017 года ПМР выкарыстоўвае расейскі трыкалор у якасці другога дзяржаўнага сцягу, а колькасць грамадзян РФ на тэрыторыі ПМР складае каля 50% ад агульнай колькасці жыхароў рэспублікі. Улічваючы, што так званыя войскі ПМР — гэта арганічная частка расейскай ваеннай машыны, то варта чакаць уцягнення расейскай групоўкі з Прыднястроўя ў гарачы канфлікт з Украінай.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ