Украіна адзначае 30-годдзе незалежнасці
Яшчэ некалькі год таму сярод беларусаў, якія спрачаліся наконт неабходнасці пераменаў, была папулярнай фраза: “Вы хочаце як ва Украіне?” Адказ на гэтае пытанне знаходзіўся ў кожнага свой, у залежнасці ад светапогляду і каштоўнасцей дыскутантаў. Прыхільнікі дэмакратыі і людзі празаходняй арыентацыі, разумеючы няпростасць працэсу постсавецкай трансфармацыі, гаварылі, што ўкраінскі выбар – не найгоршы варыянт. Апалагеты аўтарытарызму настойвалі на тым, што “ўкраінскае бязладдзе і анархія” – не выйсце для беларускага народу. У 2021 годзе, калі суседняя дзяржава маштабна адзначае 30-годдзе з моманту аднаўлення незалежнасці, можна рабіць пэўныя высновы пра тое, ці быў выбар украінскага народу слушным.
Доўгія гады пасля распаду СССР у вачах многіх беларусаў Украіна выглядала дзіўнай і малавядомай краінай. Пра колішнюю метраполію Расею суайчыннікі ведалі куды болей, паколькі з маскоўскай інфармацыйнай прасторы мы так і не выйшлі дагэтуль. Веды беларусаў пра Украіну былі фрагментарнымі. У свядомасці старэйшага пакалення моцна заселі стэрэатыпы пра хітраватых украінцаў, якія толькі спяць і бачаць, як бы гэта займець выгаду з усяго. Таксама прыгадвалася тое, што ўкраінцы часта рэалізоўвалі сябе ў савецкіх сілавых структурах, перадусім у войску. У маладзейшых Украіна збольшага асацыявалася з месцам, дзе можна някепска правесці летні адпачынак. За апошнія дзесяцігоддзі мільёны беларусаў наведалі ўкраінскі Крым і іншыя курорты Прычарнамор’я. Падчас турыстычных вандровак беларусы кантактавалі з украінцамі, якія часта скардзіліся на карупцыю, адсутнасць добрых дарог і дэіндустрыялізацыю.
У 2004 годзе ва Украіне здарылася Памаранчавая рэвалюцыя, якая стала нечаканасцю для беларусаў, але не для ўкраінцаў. Тады ўкраінцы паслалі адназначны сігнал сваім уладам, што аўтарытарызм не пройдзе. Аднак для канчатковага замацавання гэтай ідэі спатрэбілася Рэвалюцыя Годнасці 2014 года з яе героямі і антыгероямі, ахвярамі і катамі, самаахвярнасцю і подласцю. Трагедыі наступных гадоў (анексія Крыма, вайна ў Данбасе) загартавалі ўкраінскае грамадства, якое стала цвяроза глядзець на жыццё і не спадзявацца лішні раз на знешнюю дапамогу.
Абранне на пасаду прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, у мінулым шоумена і коміка, насуперак самым песімістычным прагнозам радыкальна не паўплывала на курс Украіны ў бок Захаду. Прэзідэнцтва Уладзіміра Зяленскага, вядомага ягонымі сантыментамі да культурнай спадчыны СССР, — той прыклад, калі ўмовы і асяроддзе прымушаюць палітычнага лідара прытрымлівацца пэўных рамак. Больш за тое, за гады знаходжання на пасадзе ён не дапусціў крытычных памылак, якія рабілі некаторыя ягоныя папярэднікі. Разам з тым, многія ўкраінцы цяпер гавораць, што пазітыў ад знаходжання ва ўладзе папулярнага чалавека, усё-такі ёсць. Многія ягоныя выбарцы зразумелі, што пасада прэзідэнта — гэта не студэнцкая лава, дзе можна вучыцца гадамі. А кіраваць дзяржавай павінен прафесіянал з адпаведнымі навыкамі і моцнай камандай.
У дзень 30-годдзя незалежнасці Украіны многія беларусы з белай зайздрасцю назіраюць за сваімі суседзямі, якія жывуць няпроста, але з кожным годам усё больш ганарацца сваім домам. Напярэдадні вайсковага параду ў Кіеве перасталі ўжо ўздымацца дыскусіі пра мэтазгоднасць з’яўлення цяжкай тэхнікі на цэнтральных вуліцах горада. Месцічы проста ганарацца арміяй, якая стала насамрэч сваёй. А сцяг Украіны аб’ядноўвае крымскіх татараў на поўдні, чарнігаўцаў на поўначы, львавянаў на захадзе і жыхароў Данбасу на ўсходзе. Украіна, насуперак жаданням нядобразычліўцаў, адбылася як дзяржава і штогод становіцца ўсё больш прыцягальнай для суседзяў.