Украіна і Еўрабачанне-2019



Україна адмовіліся ад удзелу ў песенным конкурсе “Еўрабачанне”. Нацыянальная грамадская тэлекампанія вырашыла не накіроўваць прадстаўнікоў сваёй дзяржавы ў Тэль-Авіў праз “празмерную палітызацыю конкурса”. Гаворка ідзе пра тое, што ціск грамадскасці паўплываў на тое, што пазіцыя фіналістаў нацыянальнага адбору адносна прававога статуса паўвыспы Крым і гастроляў у Расеі сталі фактычна прычынай іх дыскваліфікацыі.

Сёлетняе “Еўрабачанне” запомніцца многім аматарам гэтага тэлеконкурса некалькімі гучнымі скандаламі, звязанымі з украінскімі ўдзельнікамі нацыянальнага адбору. Першапачаткова прадстаўніком Украіны на гэтым шоу была абраная поп-спявачка Ганна Корсун з праекта MARUV. Аднак пільныя ўкраінцы заўважылі, што ў шчыльным гастрольным графіку на бліжэйшы час у гэтай спявачкі пазначаныя выступы ў Расеі. Пасля эмацыйных абмеркаванняў этычнасці канцэртовай дзейнасці артыстаў на тэрыторыі краіны-агрэсара Ганна Корсун была на словах гатовая скасаваць свае гастролі. Але далей гучных заяваў справа не пайшла. Паводле спявачкі, асноўныя рознагалоссі MARUV з тэлевізійнікамі адбыліся па прычыне некалькіх пунктаў у кантракце, якія нібыта істотна абмяжоўвалі свабоду творчасці гэтай прэтэндэнткі. Прадстаўнікі Нацыянальнага грамадскага тэлебачання Украіны абвяргаюць гэтую інфармацыю, гавораць, што ў сёлетняй дамове з’явіўся толькі адзін новы пункт, вакол якога і разгарэліся жарсці. Тут маецца на ўвазе забарона на гастролі ў РФ да заканчэння конкурса. Цікавая дэталь: у спявачкі MARUV заключаны кантракт з расейскім аддзяленнем лэйбла Warner Global. То бок, утварылася класічная сітуацыя канфлікта інтарэсаў. Поп-выканаўца абрала бізнес-прыбыткі ад выступаў у РФ.

Але на гэтым прыгоды ўкраінскіх артыстаў-удзельнікаў адбору на Еўрабачанні не скончыліся. У цэнтры чарговага скандалу апынуліся удзельніцы дуэта “Анна-Марыя” – сёстры Ганна і Марыя Апанасюк. Гэтыя спявачкі паходзяць з Сімферопаля, таму, натуральна, да іх узніклі пытанні ў журналістаў. Падчас інтэрв’ю з тэлевядоўцам Раманам Скрыпіным сёстры Апанасюк цягам паўгадзіны не маглі даць уцямны адказ на тэст-пытанне “Чый Крым”. Яны ўвесь час спрабавалі адысці ад тэмы, гаворачы пра тое, што мора і горы засталіся па-ранейшаму крымскімі. І канстатавалі, што “Україна страціла Крым”. Што праўда, з іх адказаў так і не стала зразумела, у выніку якога катаклізма здарылася тая самая страта. Ці тое ад падвышэння ўзроўня сусветнага акіяна, ці тое праз рух літасферных пліт. Нерашучасць або боязь сёстраў прамовіць слова “анексія” перад вялікай тэлеаўдыторыяй заканамерна выклікала негатыўную рэакцыю ўкраінскага грамадства.

Увогуле кейс з адмовай Украіны ад удзелу ў адным з найбольш папулярных тэлевізійных міжнародных конкурсаў досыць цікавы тым, што ілюструе ступень уплыву грамадскага меркавання на прыняцце рашэнняў. Ва Украіне склалася такая сітуацыя што ўкраінскія чыноўнікі проста абавязаныя прыслухоўвацца да меркавання грамадскасці. Абсалютна відавочна, што найбольш вострымі пытаннямі для любой публічнай асобы з’яўляецца іх пазіцыя па Крыму і Данбасу. Схавацца за фразамі пра апалітычнасць на 5 годзе расейска-ўкраінскага канфлікта ні ў кога не атрымаецца.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ