Украіна зрабіла рашучы крок у бок еўраінтэграцыі



Парламент суседняй дзяржавы ўхваліў большасцю галасоў праўкі ў Канстытуцыю, якія замацоўваюць нязменнасць курсу на сяброўства ў ЕЗ і NATO. Супраць выступіла парламенцкая меншасць, якую прадстаўляе “Апазіцыйны блок”. Праўкі набудуць сілу закона пасля падпісання іх спікерам Вярхоўнай Рады і прэзідэнтам Украіны.

Падтрымліваюць праеўрапейскія канстытуцыйныя праўкі асноўныя палітычныя сілы Украіны, у тым ліку БПП, “Бацькіўшчына”, “Народны Фронт”, “Самапоміч”, “Радыкальная партыя”. То бок партыйныя арганізацыі, якія на будучых прэзідэнцкіх выбарах будуць канкураваць міжсобку, падтрымліваючы сваіх кандыдатаў. Але галоўнае – у пытанні далейшай інтэграцыі з Еўразвязам у парламенцкай большасці рознагалоссяў няма. Гэта значыць, што нават пры самым неспрыяльным сцэнары для Пятра Парашэнкі, калі яго, скажам, не выбяруць у прэзідэнты, усе дыпламатычныя высілкі дзейнай улады не будуць марнымі. Больш за тое, новаму прэзідэнту давядзецца ўлічваць заканадаўчы характар абранага ўкраінскім народам курса. Адпаведна, для прыхільнікаў рэвізіі геапалітычнай арыентацыі Украіны застаецца ўсё менш магчымасцей. Трэба зазначыць, што ініцыятыва па прапісванні еўраатлантычных памкненняў Украіны на ўзроўні асноўнага закону сыходзіла менавіта ад Пятра Парашэнкі. Такім чынам, у капілку ягоных перадвыбарчых перамог, акрамя мадэрнізацыі войска, “бязвіза” і атрымання аўтакефаліі для Праваслаўнай царквы Украіны, дадаецца яшчэ і кансэнсус палітычных сілаў адносна будучага руху Украіны ў Еўропу.

Аналізуючы працэс галасавання за змены ў Канстытуцыі, хоцькі-няхоцькі прызнаеш, што прэзідэнт Украіны па-майстэрску правёў шахматную партыю, прымусіўшы нават сваіх крытыкаў прагаласаваць за прапанаваны праект. У цяперашняй сітуацыі ва Украіне выступіць супраць еўраінтэграцыі – гэта значыць зрабіць акт палітычнага суіцыду, як тое здзейснілі ў чарговы раз былыя “рэгіяналы”, якія прадстаўляюць “Апазіцыйны блок”. Што да еўраскептычных настрояў ва ўкраінскім грамадстве, то яны ў разы меншыя за сімпатыю да ЕЗ. У свежым агульнанацыянальным даследаванні “Рэйтынг груп” 53% украінцаў выступаюць за ўступ у склад ЕЗ. У сваю чаргу, толькі 13% грамадзян падтрымліваюць ідэю аб далучэнні да Мытнага саюза з Расеяй. Імкненне ўладаў стаць сябрам ваеннага блоку NATO не настолькі папулярная ва ўкраінскім грамадстве, але можна казаць пра пазітыўную дынаміку ў сацыялагічных прыхільнасцях. Адсюль вынікае, што Украіна паслядоўна і сістэмна выходзіць з-пад уплыва Масквы, абіраючы еўрапейскі шлях развіцця.

Замацаванне ў Канстытуцыі Украіны пунктаў адносна нязменнасці еўрапейскай ідэнтычнасці народу не азначае аўтаматычнага ўступлення былой постсавецкай дзяржавы ў склад ЕЗ. Для гэтага Украіне трэба рэалізаваць многа рэформаў, каб адпавядаць крытэрам краіны-прэтэндэнткі на ўступленне. Аднак такі крок уладаў можна лічыць дэманстрацыяй упартай палітычнай волі, якая, без усялякага сумневу, прывядзе да чаканых вынікаў. Пятро Парашэнка, дабіўшыся бязвізавага пагаднення з ЕЗ, ушчэнт разбіў прапагандысцкія міфы Крамля адносна таго, што на Захадзе ніхто Украіну не чакае. У выпадку ягонага абрання на другі тэрмін шансы Украіны стаць сябрам ЕЗ у перспектыве бліжэйшага дзесяцігоддзя павялічваюцца  шматкроць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ