Улада канчаткова расставіла акцэнты
Не паспеў завяршыцца этап рэгістрацыі ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва, як улады канчаткова расставілі акцэнты ў тым, у якім рэчышчы пройдзе палітычная кампанія. Збольшага тэхнічная працэдура, якая ў папярэднія выбары не прыносіла ніякіх сюрпрызаў, бо рэгістравалі і жука, і жабу, нечакана атрымала палітычную афарбоўку. Сябры ЦВК адмовілі ў рэгістрацыі групе «кандыдатаў пратэсту» з каманды Міколы Статкевіча па прычыне таго, што 70% сябраў іх ініцыятыўных груп супадаюць. І хоць гэта не забараняецца Выбарчым Кодэксам, ЦВК падышла да трактоўкі заканадаўства досыць тэндэнцыйна.
Аднак самая гучная адмова — нерэгістрацыя ініцыятыўнай групы блогера Сяргея Ціханоўскага. Падставай для адмовы ў рэгістрацыі паслужыла тое, што на дакументах, якія падаваліся ў ЦВК, не стаіць подпіс прэтэндэнта. І гэта зразумела, бо ў дадзены момант Сяргей Ціханоўскі адбывае адміністрацыйны арышт у гомельскім ізалятары часовага ўтрымання, куды яго змясцілі за ўдзел у акцыях у абарону незалежнасці Беларусі ў канцы 2019-пачатку 2020 гг. Натарыяльна завераную заяву на рэгістрацыю падавала ягоная жонка. Але Лідзія Ярмошына і яе падначаленыя палічылі, што рэгістрацыя ініцыятыўнай групы — з шэрагу тых падзей кшталту рэгістрацыі шлюба, дзе пад дакументамі мае стаяць подпіс галоўных дзейных асобаў, а не прадстаўнікоў. Зрэшты, як зазначаюць юрысты, у Выбарчым праве нідзе не зафіксавана, што пад дакументамі аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва мае стаяць подпіс выключна самога прэтэндэнта. Такім чынам, адмова рэгістрацыі групы Сяргея Ціханоўскага — палітычна матываванае рашэнне, каб не дапусціць да выбарчай гонкі патэнцыйнага лідара вулічных пратэстаў і раскручаную медыяперсону.
На такі спрэчны ва ўсіх сэнсах крок улады пайшлі па абсалютна відавочных прычынах. Па-першае, стваральнік папулярнага ютуб-канала «Краіна для жыцця» Сяргей Ціханоўскі вельмі паспяхова і эфектна працуе з былымі прыхільнікамі Аляксандра Лукашэнкі. Нехта трапна параўнаў блогера з танкам, які праехаўся па электаральным полі кіраўніка дзяржавы. Рэгістрацыя яго ініцыятыўнай групы азначала бы, што яшчэ цягам некалькіх месяцаў блогер мог бы весці абсалютна легальна агітацыйную працу. Улічваючы ступень напружання ў грамадстве, можна дакладна казаць, што такія дзеянні ўладам, якія хочуць прайсці праз жнівеньскія выбары з найменшымі стратамі, мякка кажучы, ламаюць усю гульню. Па-другое, блогер Ціханоўскі не баіцца прымяраць на сябе ролю лідара вулічных пратэстаў. А, як вядома, улады Беларусі цудоўна ўсведамляюць пагрозы, якія сыходзяць ад падобных людзей. На постсавецкай прасторы практычна няма ніводнай краіны, калі не браць да разгляду тры дзяржавы Прыбалтыкі, дзе прыходу да ўлады дэмакратаў не папярэднічаў бы маштабны вулічны пратэст. Па-трэцяе, улады на дух не пераносяць блогераў як з’яву. Нездарма з вуснаў кіраўнікоў розных узроўняў і афіцыйных СМІ крытыцы блогераў надаецца ці не найбольшая ўвага.
Нерэгістрацыя Ціханоўскага паказвае, што ўлады Беларусі ўзялі курс на жорсткі сцэнар, які будзе суправаджацца зачысткай інфармацыйнага поля, пераследам незалежных блогераў і апазіцыйных актывістаў. Словам, усё як заўсёды, але з адным толькі выняткам: яшчэ ніколі раней выбары не праходзілі ў настолькі цяжкіх эканамічных і палітычных для рэжыма ўмовах. Ды яшчэ і на фоне пандэміі каронавірусу.