Улада ўзяла курс на Расею?



16 жніўня 2020 года, калі амаль ва ўсіх гарадах і малых населеных пунктах Беларусі на акцыі пратэсту выйшла ад пяціста тысяч да мільёна чалавек, з’явілася адчуванне, што беларускі народ вызначыўся з сімваламі змагання (бел-чырвона-белы сцяг і “Пагоня”) і выразна заявіў пра сваю палітычную суб’ектнасць. Нават тыя гарады, якія вечна вінавацілі ў прарасейскасці, засведчылі, што Беларусь – незалежная дзяржава, насельніцтва якой без умяшальніцтва звонку вырашыць свае праблемы. Памятаю дагэтуль свае эмоцыі, калі ўбачыў на вуліцах Гомеля дзясяткі тысяч аднадумцаў з нашымі сімваламі… Убачыўшы людское мора на былой Базарнай плошчы, падумалася: “Ніякі ЛНР-ДНР тут не пройдзе!” Падазраю, што адкрытае выступленне дзясяткаў тысяч людзей пад нацыянальнымі сцягамі стала шокам і для мясцовай ідэалагічнай вертыкалі, якая не падазравала, колькі ў горадзе над Сожам беларускіх патрыётаў. Можна не сумнявацца, што шматзначныя кадры з гомельскіх, віцебскіх, магілёўскіх вуліц сталі халодным душам для тых, хто марыць пра адарванне ўсходніх тэрыторый ад Беларусі. І сапраўды, параўнанні Усхода Беларусі з украінскім Данбасам – яўна не на карысць апошняга. Нават напярэдадні гарачай вайны ў Луганску ў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны пад дазволеным жоўта-блакітным сцягам выйшлі ад сілы некалькі тысяч людзей. Беларусы ў гэтым плане прэвентыўна паказалі, колькі тут прыхільнікаў адзінства.

Пасля выбараў, калі ўлада абрынулася з рэпрэсіямі на пратэстоўцаў, было відавочна, што сама канструкцыя рэжыму трымаецца на двух слупах: лаяльных сілавіках і разнапланавай падтрымцы з боку Крамля. Некалькі месяцаў пасля пратэстаў практычна не было прыкметаў разбурэння сілавога блоку. Больш за тое, агрэсіўныя дзеянні сілавікоў як бы паказвалі грамадству, што чакаць пераходу людзей у форме на бок народу – марная справа. І вось нядаўна здарыліся сенсацыйныя падзеі, якія дагэтуль не знайшлі належнага асэнсавання. Гаворка ідзе пра арышт высокапастаўленых сілавікоў з КДБ і Генштабу, якія перадавалі інфармацыю апазіцыйным тг-каналам. Можна толькі здагадвацца пра працэсы, якія адбываюцца сярод спецслужбістаў, але пасля такіх інцыдэнтаў гаварыць пра маналітнасць сілавікоў не выпадае. У такой сітуацыі ў кіруючых эліт застаецца апошняя надзея на РФ, якая не кіне ў бядзе ў выпадку чаго. Менавіта гэтым можна патлумачыць тактыку спалення мастоў, якую дэманструе МЗС у апошнія тыдні. Афіцыйны Менск нібыта спецыяльна правакуе калектыўны Захад на абвастрэнне супрацьстаяння, што, паводле задумы сцэнарыстаў, павінна ўлагодзіць Маскву. Такім чынам, словы міністра замежных справаў Уладзіміра Макея пра зачыстку грамадзянскай супольнасці ў выпадку прыняцця новага пакету санкцый адрасаваныя не столькі Захаду, колькі той жа Маскве. Крамлю прыемна назіраць за тым, як “малодшы брат” абяцае “надаваць па мордзе” Польшчы, замяняе тэлеканал “Еўраньюс” на расейскі прапагандысцкі тэлепраект “Перамога”, затрымлівае лідараў БНФ. Мы назіраем сітуацыю, калі ўлада ўсё менш давярае ўласным сілавікам і робіць стаўку на расейскую дапамогу.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ