“Ваенны пераварот” ці інсцэніроўка спецслужбаў?
Вось ужо некалькі дзён беларускае грамадства абмяркоўвае затрыманне Аляксандра Фядуты, Рыгора Кастусёва, Юрася Зянковіча, якіх абвінавацілі ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту. Афіцыйная версія, якую агучвае КДБ, выклікае ў грамадзян, мякка кажучы, недавер. Пра гэта сведчаць шматлікія інтэрнэт-апытанкі, у якіх доля тых, хто паверыў у тое, што літаратуразнаўца-пушкініст, інжынер ЖКГ і амерыканскі адвакат рэальна рыхтавалі замах на кіраўніка дзяржавы, не выходзіць за межы статыстычнай пагрэшнасці. Абсалютная большасць рэспандэнтаў не верыць у тое, што тэарэтыкі рэальна пачалі пераходзіць ад словаў да справаў. Вельмі грунтоўна на гэтую тэму выказаўся палкоўнік КДБ у адстаўцы Валер Костка, які ў адным інтэрв’ю падрабязна патлумачыў, чаму ідэалісты з групы “змоўшчыкаў” прафесійна непрыдатныя да гэтай місіі. Адпаведна, практычна ні ў кога не ўзнікае сумневаў у тым, што мы маем сітуацыю інсцэніроўкі, якую падрыхтавалі беларускія і расейскія спецслужбы. Пытанне застаецца адкрытым толькі ў тым, з якой мэтай была праведзеная спецаперацыя і чаму дзяржаўная прапаганда працягвае разганяць хвалі дэзынфармацыі адносна планаў на так званы “дзяржпераварот”.
Некаторыя аналітыкі з ліку тых, хто яшчэ нядаўна заяўляў пра тое, што беларускія спецслужбы сваімі дзеяннямі ствараюць праблемы для расейскіх калегаў, калі арыштоўваюць грамадзянаў на тэрыторыі РФ, загаварылі цяпер пра тое, што КДБ вядзе ўласную гульню, каб пераканаць шэфа ў сваёй значнасці. Маўляў, для маніпуляцыі кіраўніком дзяржавы яму ствараюць карціну татальнай змовы, з якой можа даць рады толькі спецслужба. Адпаведна, уплыў людзей у форме ўзрастае. Насамрэч такія ўяўленні далёкія ад рэчаіснасці. Тып палітычнага рэжыму ў Беларусі – персаналісцкая аўтакратыя з выключнай роляй першай асобы. Усе спецслужбы ў рэжымах такога тыпу ніколі не граюць самастойнай ролі. Такім чынам, трэба адразу выключыць версію пра тое, што КДБ альбо якая-небудзь іншая структура з’яўляюцца ініцыятарамі спецаперацыі. У такім разе паўстае пытанне, навошта гэта ўсё ўладзе? Адказаў тут можа быць некалькі.
Па-першае, выкрыццё меркаванай змовы з’яўляецца спробай апраўдаць беспрэцэдэнтны гвалт, які чынілі і працягваюць чыніць у адносінах да грамадзянаў сілавікі напярэдадні і пасля так званых выбараў 2020 года. Адна справа, калі людзі ў форме беспадстаўна тэрарызуюць мірнае насельніцтва, якое прагне пераменаў. Іншая – калі ў краіне нібыта дзейнічае тэрарыстычнае фармаванне. Наяўнасць такой групы дазваляе апраўдаць усе рэпрэсіўныя захады.
Па-другое, затрыманне вядомых людзей у суседняй краіне– гэта дэманстрацыя магчымасцей грамадству, якое павінна быць дэмаралізавана тым, як улада без асаблівых цяжкасцей разбіраецца са сваімі апанентамі.
Па-трэцяе, выжыванне рэжыму на дадзеным этапе залежыць, у першую чаргу, ад падтрымкі Крамля, якому трэба ўсяляк давесці сваю лаяльнасць і адданасць. А такое можна зрабіць, толькі разарваўшы стасункі з Захадам, спаліўшы масты, што і адбываецца ў дадзены момант, калі ўлада называе меркаванымі арганізатарамі “замаху” амерыканскія спецслужбы.
Па-чацвёртае, перад набліжэннем эканамічнага калапсу трэба спісаць свае няўдачы на знешні ціск і падступных ворагаў, якія нібыта робяць усё, каб абрынуць гаспадарку краіны і ўладу.