Вайна супраць пешаходаў на беларускіх вуліцах



Жыхары Гомеля вось ужо некалькі дзён абмяркоўваюць рэзананснае ДТЗ з удзелам 21-гадовага кіроўцы на БМВ, які на хуткасці 150 км у гадзіну выехаў на ходнікі на галоўнай вуліцы горада Савецкай. Аварыя здарылася каля папулярнага ў гараджанаў рэстарана фаст-фуд кухні. У выніку выезда на пешаходную частку загінула адна жанчына, дзве яе прыяцелькі з траўмамі рознай цяжкасці былі дастаўленыя ў бальніцу. А сам вінаваты ў трагедыі памёр на месцы. Ягоны аўтамабіль пераўтварыўся ў груду металічнага ламачча. Пацярпелыя – тры настаўніцы адной з гомельскіх школаў – у той злашчасны вечар вырашылі наведаць рэстарацыю, але на выхадзе іх спаткала няшчасце. Кіроўца, як сведчаць многія інтэрнаўты, быў прыхільнікам стрытрэйсінга, часта выкладаў на сваіх старонках у сацыяльных сетках паведамленні пра свае аўтамабільныя “подзвігі” на мяжы фолу.

Адразу пасля таго, як сталі вядомыя дэталі аварыі ў Гомелі, многія гараджане пачалі шукаць прычыны. Вельмі папулярнай сярод часткі насельніцтва была версія пра тое, што трагедыя стала магчымай у выніку рэалізацыі памылковай канцэпцыі развіцця гораду, калі пры планаванні сеткі дарог і вуліц у цэнтры горада прыярытэт надаваўся менавіта аўтамабілістам. У апошнія гады мясцовыя ўлады прадпрынялі некалькі рэканструкцый вуліц Савецкая, Кірава з пашырэннем асфальтаванай часткі дарогі, што адбывалася за кошт высечкі зялёных насаджэнняў і звужэння пешаходнай часткі. Асобныя вуліцы ў цэнтры Гомеля месцічы паўжартам так і назвалі “аўтабаны”. Нехта лічыць, што рана ці позна здарэнне мелася адбыцца праз хуткасны рэжым, які забяспечваецца аўтаматычнай сістэмай светлафорнага рэгулявання “зялёная хваля”. Некаторыя грамадзяне выказаліся за ўсталяванне металічных агароджаў уздоўж праезнае часткі, наяўнасць якой нібыта гарантавала б бяспеку пешаходам у выніку несанкцыянаванага выезду аўтамабіляў на ходнікі. У любым разе грамадства пачало актыўна шукаць выхад з сітуацыі ў змяненні горадабудаўнічых практык. Без сумневу гэтыя настроі актыўна маніторацца мясцовымі ўладамі, у якіх можа ўзнікнуць спакуса чарговы раз звярнуцца да практыкі паспешлівай рэканструкцыі цэнтральных вуліц дзеля недапушчэння паўтарэння падобных аварый у будучыні. Аднак, як непакояцца гомельскія актывісты, вырашэнне гэтага пытання “на эмоцыях” і без кансультацый са спецыялістамі можа прывесці да адваротнага выніку, пагоршыць транспартную і экалагічную сітуацыю ў другім па велічыні горадзе Беларусі.

Што ж прапаноўваюць гомельскія ўрбаністы для вырашэння праблемы парушэння хуткаснага рэжыму ў цэнтры горада, каб мінімізаваць верагоднасць паўтарэння падобных трагедый? На партале petitions.by з’явіўся электронны зварот, у якім зазначаецца, што па вечарах участак вуліцы Савецкай ад плошчы Леніна да плошчы Паўстання пераўтвараецца ў палігон для нелегальных гонак, што практычна ніяк не прыпыняюць супрацоўнікі ДАІ. Ініцыятары петыцыі прапаноўваюць усталяваць пастаянныя камеры фотафіксацыі на гэтым участку дарогі, каб у “стрытрэйсераў” было менш спакусаў перавышаць дазволеную хуткасць на самай ажыўленай вуліцы Гомеля. На гэты момант пад петыцыяй падпісалася амаль 800 чалавек. Аднак усталяванне стацыянарных камер відэаназірання – гэта толькі адзін з крокаў для пераадолення праблемы, якую магчыма вырашыць толькі праз комплексны падыход. Падаецца, пасля гэтай аварыі ў Гомелі павялічыцца колькасць прыхільнікаў абмежавання дазволенай хуткасці для аўтамабіляў у населеных пунктах да 50 км у гадзіну. Такі хуткасны рэжым даўно апрабіраваны ў шэрагу краінаў Еўразвязу, у прыватнасці ў Літве, Польшчы, Латвіі і гэтак далей. Ужо вопытным шляхам і праз шматлікія даследаванні выяснена, што 50 км у гадзіну – гэта тая ідэальная хуткасць для гарадскога транспарту, якая дазваляе, з аднаго боку, даволі хутка перамяшчацца па населеным пункце, з іншага боку, дае магчымасць кіроўцу своечасова спыніць аўтамабіль. Хочацца верыць, што гэтае абмежаванне хуткасці ў населеных пунктах, якое даўно прыспела, будзе замацавана ў новай рэдакцыі Правілаў дарожнага руху.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ