Выбарчы скандал ва Украіне



Усё таемнае аднойчы становіцца вядомым. Пра гэтую жыццёвую ісціну забыўся адзін прэтэндэнт на ўкраінскае прэзідэнцкае крэсла, што можа перакрэсліць ягоныя планы на палітычную кар’еру. Гаворка ідзе пра перспектыўнага палітыка Уладзіміра Зяленскага, які, спрабуючы прыхаваць некаторыя свае актывы, трапіў у поле зроку журналісцкай супольнасці.

Аўтары выведніцкага праекта “Схемы” на ўкраінскай службе Радыё Свабода правялі журналісцкае расследаванне адносна таемнага бізнеса Уладзіміра Зяленскага на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Згодна апублікаваным звесткам, прадусар і тэлевядоўца, нягледзячы на шматлікія свае запэўніванні ўкраінскай грамадскасці, працягвае атрымліваць дывідэнды ад даччыных камерцыйных структур, якія займаюцца кінабізнесам. Схема вядзення бізнеса выглядае наступным чынам. У Расеі дзейнічаюць тры кінакампаніі “Вайсберг пікчарз”, “Платынумфільм” і “Грын фільмз”. Заснавальнікам гэтых фірм з’яўляецца кіпрская кампанія Green Family Ltd, канчатковым бенефіцыярам якой ёсць непасрэдна Уладзімір Зяленскі з партнёрамі.  І яшчэ адзін момант: кампаніі Зяленскага актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах Міністэрства культуры Расейскай Федэрацыі, атрымліваюць істотныя фінансавыя сродкі на выраб кінапрадукцыі. Такім чынам, насуперак шматлікім заявам Уладзіміра Зяленскага, ён мае бізнес у Расеі, прычым гэта не роялці (атрыманне ўзнагароджанне за карыстанне аўтарскімі правамі на дэманстрацыю таго ж папулярнага серыяла “Сваты”), але цалкам рэальная камерцыйная дзейнасць, якая вядзецца дагэтуль.

Інфармацыя пра таемны бізнес Зяленскага атрымала пацверджанне ад самога прэтэндэнта ў прэзідэнты Украіны, які ў бесцырымоннай манеры настойвае на тым, што асноўны матыў ягонай бізнес-прысутнасці ў РФ – гэта спроба атрымаць свае грошы за інтэлектуальную ўласнасць. “Я б з задавальненнем закрыў тую кампанію (“Грын фільмз”), але ў нас кантракты да 2021 года. Калі мы закрыем, то ўсе грошы застануцца ў рускіх”, — тлумачыць Зяленскі ў відэакаментарах журналістам. Але гэтае відэапрызнанне прагучала з вуснаў палітыка толькі тады, калі ў сеціве было апублікаванае рэзананснае відэа журналіста “Схемаў”, на якім будучы кандыдат у хамскай манеры адказвае, што ён “нікому нічога не павінен, павінен толькі бацькам”. Потым ён уцёк ад пытанняў на чорным джыпе ў суправаджэнні аховы. На некалькі хвілін шоўмен узяў рэй над палітыкам, у выніку чаго здарылася іміджавае фіяска. Уладзімір Зяленскі яшчэ не стаў кіраўніком дзяржавы, але ўжо пераняў найгоршыя рысы паводзінаў постсавецкіх чыноўнікаў, якія, карыстаючыся статусам, дазваляюць сабе грэбліва ставіцца да журналістаў.  Нават піаршчык-пачатковец ведае, што сваркі з прэсай – гэта верны шлях да руйнавання сваёй кар’еры. У выпадку з Уладзімірам Зяленскім, трэба сказаць, не ўсё страчана. Праз два дні пасля скандалу ён пачаў даваць каментары ў больш узважаным стылі, але агульную сітуацыю гэта ўжо наўрад ці здольна выратаваць.

Для беларусаў кейс Зяленскага дазваляе зрабіць некалькі цікавых высноваў. Па-першае, пакуль мы ламаем дзіды наконт пытання пра фармат удзелу ў выбарах (праймерыз альбо адзіны кандыдат), ва Украіне поўным ходам ідзе паўнавартасная палітычная барацьба. Па-другое, прэса ва Украіне грае важную ролю ў абароне грамадскіх інтарэсаў, не саромецца задаваць нязручныя пытанні прэтэндэнтам. Па-трэцяе, беларускім палітыкам трэба таксама падвучыцца асновам супрацы з журналістамі, паколькі змаганне з прэсай, незалежна ад выніку, заўжды выглядае глупа.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ