Who is mister Putin?



У 2000 годзе падчас знакамітага форуму найбольш уплывовых людзей планеты ў швейцарскім Давосе ў бок расейскай дэлегацыі паляцела пытанне ад журналісткі Trudy Rubin. “Who is mister Putin?”, – спытала рэпарцёрка, выклікаўшы тым самым смех аўдыторыі. Прадстаўнікі Расеі ў той час не змаглі аператыўна адказаць на пытанне. Потым гэтая гісторыя неаднаразова ўзгадвалася шматлікімі біёграфамі кіраўніка Расеі, журналістамі і публіцыстамі як ілюстрацыя таго, што чалавек літаральна з ніадкуль за некалькі месяцаў стаў прэзідэнтам ядзернай дзяржавы, якая аказвае вялікі ўплыў на нашую частку планеты.

Тым, хто спрабуе разабрацца ў аспектах беларускай палітыкі, без разумення таго, кім з’яўляюцца лідары Расеі і як там прымаюцца рашэнні, не абысціся. За амаль два дзесяцігоддзі знаходжання Пуціна ва ўладзе пра ягонае жыццё было напісана мноства біяграфічных даследаванняў і публікацый: ад усхвалення да жорсткай крытыкі. Словам, усім цікаўным можна знайсці крыніцы на любы густ і смак. Аднак у апошні час у свабодным доступе стала з’яўляцца ўсё больш відэаматэрыялаў, у якіх героі распавядаюць многа з таго, што раней было таямніцай за сямю пячаткамі. З апублікаваных відэаінтэрв’ю людзей, якія блізка ведаюць Уладзіміра Пуціна ці сустракаліся з ім на розных мерапрыемствах, можна скласці ўяўленне пра тое, кім з’яўляецца гаспадар Крамля насамрэч.

На ютуб-канале вядомага журналіста Дзмітрыя Гардона з’явілася амаль шасцігадзіннае інтэрв’ю з бізнесоўцам, банкірам, судабудаўніком і ўласнікам амаль мільярда даляраў Сяргеем Пугачовым. Гэты чалавек яшчэ ў 1990-я гады адыгрываў значную ролю ў расейскім бізнесе. А як вядзецца ў посткамуністычных краінах, вялікі бізнес немагчымы без узаемадзеяння з уладай. У 1996 годзе Пугачоў быў адным з каардынатараў пераможнай кампаніі Барыса Ельцына на выбарах, якія ён, паводле ўсіх раскладак, меўся прайграць, але ўсё адно выйграў. У 2000 годзе Сяргей Пугачоў быў даволі блізкім прыяцелем Уладзіміра Пуціна, які нечакана для многіх заходніх назіральнікаў стаў прэзідэнтам РФ. Цягам некалькіх гадоў бізнесовец прысутнічаў на многіх важных нарадах у Крамлі, але, што больш важна, суправаджаў Уладзіміра Пуціна ў ягоных паездках і складаў кампанію ў розных справах. Менавіта ён валодае інсайдарскай інфармацыяй, якая вельмі цікавая ўсім, хто спрабуе зразумець сакрэты расейскай палітыкі. Пасля таго, як інтарэсы бізнесоўца і Крамля разышліся, а ягоны бізнес фактычна быў экспрапрыяваны расейскай дзяржавай, ён адмовіўся ад грамадзянства і падаў у суд на сваю былую радзіму. Цяпер ён удзельнічае ў інтэрв’ю, у якіх дае жорсткія і несуцяшальныя характарыстыкі расейскай эліце, у тым ліку Уладзіміру Пуціну.

Інтэрв’ю Дзмітрыя Гардона з Сяргеем Пугачовым, калі яго ацэньваць з пункту гледжання збору інфармацыі пра асаблівасці псіхалагічнага партрэту кіраўніка расейскай дзяржавы, не пакідае камня на камні ад міфа пра рашучага мачо, які толькі спіць і бачыць, як гэта зрабіць сваю дзяржаву моцнай і паспяховай. З аповедаў ягонага былога сябра вынікае, што на пасадзе Расеі апынуўся даволі выпадковы чалавек, які вельмі любіць раскошу і пазбягае прыняцця рэзкіх рашэнняў. Нягледзячы на тое, што ягоныя жыццёвыя дасягненні сталі магчымымі выключна праз падзенне СССР, ён ментальна застаецца шэрым чыноўнікам савецкага перыяду з адпаведнымі каштоўнасцямі і татальным неразуменнем сучаснага свету. Такая забойчая характарыстыка ў многім тлумачыць праблемы постсавецкай прасторы, на якой жаданне жыхароў некаторых краін вырвацца з багны камуністычнага мінулага, сутыкаецца з жорсткім супрацьдзеяннем Крамля.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ