Як паставіліся да вайны ва Украіне постсавецкія дзяржавы
Нягледзячы на высілкі крамлёўскай дыпламатыі, практычна ўвесь свет дыстанцуецца ад падтрымкі вайны, развязанай ва Украіне. Калі рэакцыя на агрэсію РФ супраць суверэннай Украіны цывілізаваных краінаў прадказальная, то да апошняга моманту застаецца інтрыга, як паставяцца да кампаніі РФ буйныя геапалітычныя гульцы кшталту Кітая ці Індыі. Але, акрамя асноўных суб’ектаў міжнароднай палітыкі, ёсць яшчэ дзяржавы, падтрымкай якіх вельмі б хацеў заручыцца Крэмль. Гаворка ідзе пра клуб постсавецкіх дзяржаваў, якія не ўваходзяць у ЕЗ і НАТО. Адметна, нават сярод краін былога СССР крывавая вайна ва Украіне не выклікае вялікага энтузіязму. Тыя, на каго вельмі спадзяваўся Уладзімір Пуцін, альбо затаіліся ў цішыні, альбо нават сімвалічна падтрымліваюць Кіеў. Калі не разглядаць бяспраўных васалаў Крамля кшталту Беларусі альбо Арменіі, якія фактычна страцілі міжнародную суб’ектнасць, астатнія дзяржавы былога СССР намагаюцца захаваць твар і выкарыстоўваюць канфлікт для таго, каб умацаваць незалежнасць.
Самую блізкую пазіцыю з постсавецкіх краін да Масквы абазначыла ўлада Кыргызстану. Як вынікае з паведамленняў прэс-службаў расейскага і кыргызстанскага кіраўнікоў, прэзідэнт гэтай цэнтральнаазіяцкай краіны Садыр Жапараў у першыя дні ўварвання выказаў падтрымку Маскве і ўсклаў адказнасць за парушэнне Мінскіх дамоўленасцей на Кіеў.
Пасля выкарыстання войскаў АДКБ для задушэння стыхійных пратэстаў у Казахстане, якія мелі месца ў пачатку гэтага года, Пуцін мог разлічваць на ўдзячнасць казахстанскай улады. Прынамсі, спадзяванні такія ў яго маглі быць. Аднак замест усебаковай падтрымкі дзеянняў Масквы і адпраўкі вайсковага кантынгенту Астана павяла сябе інакш. Пераканаўшыся ў тым, што планы РФ на бліцкрыг праваліліся, у Казахстане легальна прайшлі мітынгі ў падтрымку Украіны. Афіцыйна ўлады Казахстана заявілі пра тое, што гатовы выступіць пасярэднікамі ў расейска-ўкраінскім канфлікце. Пазней з Казахстану была адпраўленая ва Украіну гуманітарная дапамога, што як бы намякае на тое, што Астана не супраць аслаблення свайго стратэгічнага расейскага партнёра, які пасля паразы не будзе дамінаваць у рэгіёне і перастане выяўляць прэтэнзіі на паўночныя раёны Казахстану.
Яшчэ цікавей сябе праявілі ўлады Узбекістану, якія агучылі бадай што самую рэзкую заяву на адрас Масквы. Афіцыйны Ташкент цвёрда заявіў, што не намераны прызнаваць незалежнасць ДНР і ЛНР. Акрамя гэтага, узбецкія ўлады настойваюць на дыпламатычным вырашэнні канфлікта. У дадзены момант, калі ва Украіне ідзе гарачая фаза вайны, падобная заява азначае адмову Ташкента ад супрацы з Масквой.
Пазіцыя краін Каўказу, калі можна падсумаваць, ёсць спробай захаваць сябе паміж двух агней. Прэзідэнт і кіруючая партыя Грузіі, хоць усяляк выказваюць сімвалічную падтрымку Украіне і садзейнічаюць адпраўцы гуманітарных грузаў, аднак адмовіліся далучацца да антырасійскіх санкцый. Такая пазіцыя выклікала абурэнне апазіцыі, якая цягам некалькіх тыдняў выводзіць на цэнтральную вуліцу Тбілісі тысячы пратэстоўцаў. Аднак афіцыйны Тбілісі настойвае на сваёй пазіцыі, разумеючы сваю залежнасць ад рынкаў РФ і баючыся выклікаць гнеў з боку вялікага суседа. Азербайджан напярэдадні вайны падпісаў з Масквой дэкларацыю аб міры і ненападзе. З гэтага дакумента, які, зрэшты, не абавязвае Баку падпарадкоўвацца волі Крамля вынікае, што Азербайджан не будзе падтрымліваць агрэсіўныя дзеянні краін супраць Расеі. Так і ёсць на гэты момант. Але Баку, відавочна, сімпатызуе незалежніцкім інтэнцыям Кіева і дапамагае ўкраінскаму народу гуманітаркай. Такім чынам, нейтралітэт дзяржаваў Каўказу абумоўлены іх разуменнем небяспекі з боку Расеі, але ніяк не ухваленнем дзеянняў Крамля.