Як ставіцца беларускі народ да вайны ва Украіне?



З пачаткам ваеннай агрэсіі РФ супраць Украіны беларускія палітыкі і прадстаўнікі дэмакратычных сілаў у выгнанні прыкладалі шмат высілкаў, каб пераканаць украінскае грамадства ў тым, што не трэба ставіць знак роўна паміж афіцыйнай уладай Беларусі і насельніцтвам краіны. Сярод самых моцных аргументаў на карысць гэтай тэзы былі апытанні, праведзеныя даследчым цэнтрам Chatham House з 5 па 14 сакавіка 2022 года. То-бок, літаральна праз два тыдні з пачатку вайны. Згодна вынікам даследавання, толькі 3% рэспандэнтаў падтрымліваюць паўнавартасны ўдзел Беларусі ў вайне з Украінай на баку РФ. 3% — гэта менавіта той парог статыстычнай хібнасці, які паказвае, што беларускае грамадства ў абсалютнай большасці, нягледзячы на розніцу ў палітычных упадабаннях альбо геапалітычных арыентацыях, не хоча ўдзельнічаць у чужой вайне.

Сацыёлагі для атрымання дадзеных выкарысталі бадай што адзіную магчымую ў варунках дзяржаўнага тэрору методыку (інтэрнэт-інтэрв’ю з амаль 900 рэспандэнтамі). Да гэтай методыкі могуць быць розныя пытанні і прэтэнзіі, але са сваёй галоўнай задачай — адлюстраваннем тэндэнцый у грамадскай думцы арганізатары даследавання далі рады. Без вялікага пагружэння ў вынікі апытання можна зрабіць дзве асноўныя высновы. Па-першае, незалежна ад стаўлення да Украіны, большасць беларусаў не хоча ўдзельнічаць у вайне. Па-другое, беларускае грамадства не чакае нічога добрага ад вайны ў бліжэйшай перспектыве. Гэтыя дзве высновы падмацоўваюцца таксама назіраннямі ўкраінскіх маркетолагаў, якія ў пачатку вайны бамбардавалі беларускіх карыстальнікаў сацыяльных сетак антываеннымі сацыяльнымі ролікамі. У адрозненне ад расейскай аўдыторыі, якая адмаўлялася глядзець агітацыйныя матэрыялы ўкраінцаў, беларусы, наадварот, актыўна цікавіліся альтэрнатыўным кантэнтам, спрабавалі разабрацца ў нюансах вайны. Такім чынам, мы маем унікальную сітуацыю, калі беларускі народ фактычна сабатуе палітычную волю ўлады, якая на першым этапе дэманстравала надзвычайную ваяўнічасць, але, убачыўшы адчайны адпор украінцаў, а таксама, адчуўшы настроі ў беларускім грамадстве, памяняла рыторыку.

У будучым, калі скончыцца вайна, даследнікам і гісторыкам давядзецца збіраць і дакументаваць багата ўспамінаў і матэрыялаў пра ціхі беларускі супраціў, які ў найноўшай гісторыі з’яўляецца ўнікальным выпадкам. Хоць голас беларускага народу пакуль напоўніцу не загучаў, але ў нашым выпадку маўчанне — гэта таксама пазіцыя. І ў гэтым маўчанні няма нічога добрага ані для РФ, ані для іх саюзнікаў з афіцыйных структур РБ.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ