Якая дата магла б стаць сапраўдным Днём народнага адзінства?



Дзень народнага адзінства ў Беларусі праходзіць у атмасферы афіцыёзу, бязлюдных плошчаў і кулінарных піянерскіх фотачэленджаў з гароднінай і каўбаскай у чырвона-зялёнай колеравай гаме. Такія сабе Дажынкі, толькі ў маштабе рэспублікі. Нягледзячы на тое, што ідэолагі розных калібраў некалькі месяцаў выціскалі з сябе гігабайты тлумачэнняў пра тое, якое гэта важнае свята, беларусы ў асноўнай масе яго не заўважылі.

Прычын ігнаравання навастворанага “чырвонага дня календара” некалькі. Па-першае, насельніцтва краіны ўвогуле цьмяна ўяўляе тое, што насамрэч адбывалася ў верасні 1939 года на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Справа ў тым, што ў савецкія часы гістарыяграфія і прапаганда асабліва не акцэнтавала ўвагу на “вызваленчым” паходзе Чырвонай арміі ў 1939-м, сканцэнтраваўшы высілкі на пазнейшых падзеях ІІ Сусветнай вайны. Таму ў народнай памяці “аб’яднанне” асабліва не адклалася.

Па-другое, у падмурку свята народнага адзінства закладзеныя камяні канфрантацыі з суседняй Польшчай, што яўна не падабаецца многім беларусам, якія бачаць у гэтай дзяржаве прыклад паспяховага эканамічнага развіцця і ўвогуле не хочуць ні з кім варагаваць.

Па-трэцяе, ініцыятыва стварэння свята сыходзіць ад улады, якая за апошні год прадэманстравала спецыфічнае разуменне еднасці, калі ў краіне няма месца альтэрнатыўнаму меркаванню і апазіцыйна настроеным структурам. Гаварыць пра народную еднасць, калі амаль 700 беларусаў прызнаныя праваабарончымі арганізацыямі палітвязнямі, а за ўдзел у пратэстах сядзяць у вязніцах у некалькі разоў больш грамадзянаў, не выпадае. Таксама дзіўна гучаць прамовы пра адзінства нацыі, калі з прапагандысцкіх дзяржканалаў заклікаюць да лінчавання “ворагаў народу”. На фоне зачысткі незалежнай прэсы і прымусовай ліквідацыі соцень прадэмакратычных грамадскіх аб’яднанняў у аб’яднаўчую рыторыку верыцца мала.

У таталітарнай парадыгме “еднасць” – гэта лаяльнасць да ўлады і змаганне са знешнімі і ўнутранымі ворагамі. У такім кантэксце ў абвешчанага свята мала перспектыў, паколькі, нават у адрозненне ад Дажынак, яно не грунтуецца на народнай традыцыі і не выклікае станоўчых эмоцый.

Якая дата магла б стаць альтэрнатывай казённаму Дню народнага адзінства? У гісторыі Беларусі не так многа дат, калі самі беларусы былі суб’ектамі палітыкі. Тыя падзеі, якія аб’ядноўваюць апазіцыйна настроеных грамадзянаў, непрымальныя для прыхільнікаў улады. І наадварот. Сапраўдным Днём адзінства магла б стаць падзея, ад якой пачнецца старт новай Беларусі. У суседняй Польшчы гэтай падзеяй сталі перамовы паміж уладамі ПНР і дэмакратычным прафсаюзам “Салідарнасць”. У гісторыю гэтыя перамовы ўвайшлі пад назвай “Круглы стол”. Такім чынам, беларускі Дзень народнага адзінства, калі будзе дасягнутая агульнанацыянальная згода наконт развіцця дзяржавы, чакае свайго часу. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ