Якія шансы ў Масквы на перамогу?



Паводле дадзеных украінскай выведкі, а таксама шматлікіх заяваў прадстаўнікоў NATO, РФ канцэнтруе вялікую ўдарную групоўку на усходзе Украіны. На думку вайсковых экспертаў, такая актыўнасць расейскай арміі прама ўказвае на тое, што неўзабаве пачнецца другі этап наступальнай аперацыі на Украіну, які можа аказацца куды больш крывавым за папярэдні. Нават людзям без адмысловай ваеннай адукацыі можна зрабіць выснову пра задачы, якія ставіць Крэмль сваім генералам. Атрымаўшы паразу ў некалькіх паўночных рэгіёнах Украіны, Масква вырашыла кампенсаваць няўдачу прарывам на данецкім напрамку. Задачай мінімум гэтай аперацыі можа быць выхад войскаў РФ на адміністрацыйныя межы Данецкай і Луганскай абласцей, а таксама ўтрыманне пад кантролем Херсону. Такі варыянт азначае для Крамля больш-менш прымальны вынік вайны, якім можна пацешыць грамадскую думку і супакоіць ястрабаў у ваенна-палітычным кіраўніцтве. Нагадаем, што менавіта прызнанне Масквой “незалежнасці” марыянеткавых ЛНР і ДНР у іх адміністрацыйных межах стала фармальнай падставай для пачатку паўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны.

Разам з тым, планы расейскіх ваенных стратэгаў адносна захопу Данбасу і часткі ўкраінскага Прычарнамор’я могуць так і застацца на ўзроўні задумы. Нават калі ўлічыць, што РФ насамрэч замахнецца на рэалізацыю гэтага самазабойчага сцэнара, то Украіне ёсць чым здзівіць суперніка. Па-першае, ЗСУ узору 2022 году — гэта не дэмаралізаваная постсавецкая армія, якой былі ўкраінскія вайскоўцы ў 2014 годзе. Пасля 8 год вайны, пры істотнай матэрыяльна-тэхнічнай падтрымцы Захаду і, самае галоўнае, пры надзвычайнай матывацыі асабовага складу ЗСУ уяўляе сабой сучасную і вельмі магутную сілу, у чым пераканаліся акупанты. Па-другое, у параўнанні з падзеямі 8-гадовай даўніны, калі вялікая частка грамадзян Украіны, якая пражывае ў Данбасе, прама падтрымлівала расейскую інвазію, цяпер сітуацыя кардынальным чынам змянілася. Украінцы збольшага вызначыліся з прыярытэтамі, многія падтрымалі еўрапейскі курс легітымнай кіеўскай улады. А 8 год свабоднага доступу да розных СМІ, магчымасць падарожнічаць па ЕЗ без візаў, паспяховыя рэформы і эканамічны рост паўплывалі на светапогляд нават самай прарасейскай часткі насельніцтва, якая нечакана для агрэсара заняла ў большасці сваёй праўкраінскую пазіцыю. Такім чынам, пры ўпартым і гераічным супраціве ўкраінскай арміі, якае ваюе на сваёй зямлі і падтрымліваецца насельніцтвам, Масква рызыкуе арганізаваць бясслаўную бойню, якая можа скончыцца вялікімі непрыемнасцямі для агрэсара.

Ваяўнічая рыторыка Крамля пра неабходнасць абароны рускамоўных у Данбасе павінна паслужыць урокам для беларусаў. Не хочацца паўтараць зашмальцаваную тэзу пра мову як сродак абароны ад агрэсараў, але менавіта беларуская мова і моцная нацыянальная ідэнтычнасць з’яўляюцца на гэты момант самым эфектыўным спосабам недапушчэння ўкраінскага сцэнара. Ва ўмовах абмежаванага суверэнітэту грамадзянам Беларусі застаецца бадай што адзіная магчымасць супрацьстаяць паўзучай акупацыі, якая заключаецца ў моўным і культурніцкім актывізме. Зрэшты, такая стратэгія — зусім не новая. Некаторыя паняволеныя народы Расейскай імперыі, якія змаглі вырвацца з кіпцюроў каланізатараў, дамагліся свабоды не толькі мілітарным шляхам, а таксама дзякуючы моцным культурніцкім ініцыятывам.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ