За выхад з Саюзнай дзяржавы



Грамадзянская кампанія “Наперад, Беларусь” ініцыявала гучную акцыю па збору подпісаў за выхад з Саюзнай дзяржавы. На інтэрнэт-платформе Change.org пад гэтым электронным зваротам, які патрабуе ад кіраўніка дзяржавы і Нацыянальнага сходу дэнансаваць Дамову, падпісалася каля 1300 чалавек. Аднак, нягледзячы на своечасовасць і мэтазгоднасць падобнай ініцыятывы, да складальнікаў петыцыі ёсць шмат пытанняў. Увогуле, як слушна заўважаюць многія крытыкі гэтай кампаніі, сама платформа Change.org не адпавядае патрабаванням айчыннага Закона “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў”. Адпаведна, сабраныя подпісы грамадзян – гэта імітацыя дзейнасці ў чыстым выглядзе, самапіар без магчымасцей далейшых крокаў па спыненні Дамовы, якая насамрэч пагражае беларускай незалежнасці. Варта дадаць, што і сама грамадзянская кампанія “Наперад, Беларусь” – гэта фантом, які не мае ані арганізацыйных структур, ані ўцямнай ідэалогіі.

З артыкула 67 Дамовы вынікае, што дзяржава-ўдзельнік можа прыняць рашэнне аб выхадзе з Саюзнай дзяржавы толькі на падставе вынікаў усенароднага рэферэндума. Але напярэдадні гэтага галасавання кіраўнік дзяржавы, якая хоча выйсці з Дамовы, павінен пісьмова звярнуцца ў Вышэйшы Дзяржаўны Савет, Парламент Саюзнай дзяржавы і да іншай дзяржавы-ўдзельніцы. Такім чынам, здаецца, арганізатары збору подпісаў дзейнічаюць у правільным кірунку, падштурхоўваючы кіраўніцтва рэспублікі да канкрэтных дзеянняў па дэнансацыі дамовы. Але, ведаючы, па якой схеме ў Беларусі праводзяцца элегантныя выбары і рэферэндумы, спробы вынясення такіх важных пытанняў на ўсенароднае галасаванне – гэта сама меней недальнабачнасць, калі не сказаць злачынства. Вынікам гэтага збору подпісаў можа стаць не выхад з Саюзнай дзяржавы, а правядзенне рэферэндума з загадзя прадказальным фіналам. Больш за тое, ініцыятывай могуць скарыстацца, каб замаскіраваць “воляй народу” далейшую здачу незалежнасці. Нават пры ўмове справядлівага падліку галасоў няма гарантыі, што народ, які не адно дзесяцігоддзе апрацоўваецца прапагандай, прагаласуе так, як таго хочуць ініцыятары петыцыі.

Збор подпісаў супраць Саюзнай дзяржавы ў тым выглядзе, які нам прапаноўваюць Ганна Канапацкая і Дзяніс Ціханенка – гэта гульня на полі суперніка ды яшчэ з другасным складам супраць чэмпіёнаў. Для спынення гэтай дамовы патрэбныя іншыя дзеянні, якія б выключалі магчымасць атрымання непажаданага выніку. Па-першае, патрэбна выкарыстоўваць увесь патэнцыял грамадзянскай супольнасці і палітычных партый для прасоўвання гэтай ідэі. У справе абароны незалежнасці няма месца міжпартыйнай канкурэнцыі і ўнутрывідавай барацьбе апазіцыянераў. Па-другое, вельмі здзіўляюць спробы кавалерыйскім наскокам вырашыць пытанне без грунтоўнай і прадуманай інфармацыйнай кампаніі. Па-трэцяе, неабходна мінімізаваць магчымыя негатыўныя наступствы, не дапускаючы вынясення важнага пытання на рэферэндум пры цяперашнім выбарчым заканадаўстве і страціўшай давер насельніцтва ЦВК.

Такім чынам, сыходзячы з сумных рэалій беларускага палітыкума, калі дэмакратычная грамадскасць не прадстаўленая ані ў парламенце, ані ў Канстытуцыйным судзе, ані на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, мы не можам сабе дазволіць небяспечныя гульні ў рэферэндум.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ