Забарона на фільм



У Беларусі чарговая прыкмета набліжэння прэзідэнцкіх выбараў. У бліжэйшыя дні, як паведамляецца ў тэлеграм-канале журналіста Арцёма Гарбацэвіча, рэспубліканская экспертная камісія прызнае экстрэмісцкім нашумелы фільм блогера Нехта “Лукашэнка: крымінальныя матэрыялы”. На дадзены момант сукупная колькасць праглядаў гэтага відэа толькі на ютубе набліжаецца да 2 мільёнаў. Можна спрачацца, колькі беларусаў паглядзела гэтую працу, але факт у тым, што відэа атрымалася вірусным і трапіла ў дзясятку чаканняў грамадзянаў. У адрозненне ад ранейшых фільмаў-расследаванняў, прысвечаных негатыўным аспектам дзейнасці кіраўніка Беларусі, стужка Сцяпана Пуцілы насамрэч стала тым раздражняльнікам, ад якога ўлады хочуць як мага хутчэй пазбавіцца. Такі грубы падыход у эпоху Інтэрнэта, калі ў кожнага чалавека ёсць магчымасць абысці забароны, выкарыстоўваючы сучасныя тэхнічныя дасягненні, выглядае дзікунствам. Асабліва калі гаворка ідзе пра папулярны відэаматэрыял, які паглядзелі мільёны, лайкалі сотні тысяч, рэпосцілі тысячы. Згодна беларускаму заканадаўству, гэтыя людзі як бы павінны быць прыцягнутыя да адказнасці, хоць нават штата ўсёй кібер-міліцыі для такой справы не хопіць. Хутчэй за ўсё ўладаахоўнікі выберуць некалькі чалавек, якіх дэманстрацыйна пакараюць адміністрацыйнымі спагнаннямі, каб іншыя баяліся. А далей, паводле ініцыятараў пераследу, у грамадстве мусіць уключыцца механізм самацэнзуры. Нешта, праўда, падказвае, што ў выніку цэнзуравання фільма ўлады напоўніцу адчуюць на сабе эфект “Барбары Стрэйзанд”, калі дыфузія непрыемнай для іх інфармацыі будзе больш інтэнсіўнай.

Фільм “Лукашэнка: крымінальныя матэрыялы” не з’яўляецца адкрыццём для людзей, якія ўважліва сочаць за беларускай палітыкай. Па сутнасці, гэтая стужка з’яўляецца кампіляцыяй ранейшых, куды больш таленавітых з пункту гледжання выканання працаў Юрыя Хашчавацкага “Звычайны прэзідэнт”, “Дзікае паляванне” Паўла Шарамета і яшчэ дзясятка падобных карцінаў-расследаванняў. Адзінае, што аўтар новага фільма зрабіў яго больш дынамічным, як таго патрабуе новая аўдыторыя, якая прызвычаілася атрымліваць інфармацыю ў кліпавым фармаце. А вось для хлопчыкаў і дзяўчынак, народжаных у пачатку 2000-х гадоў, якія не задумваліся пра вытокі беларускага аўтарытарызму, разжаваны да дробных сэнсавых кавалачкаў фільм насамрэч стаў адкрыццём. Менавіта таму школьная і студэнцкая моладзь выйшла на пікет блогераў у Менску. Як трапна пісалі старэйшыя апазіцыянеры, у кожнага пакалення свая Плошча. Можа быць, у маладых беларусаў якраз атрымаецца зрабіць тое, чаго не дамагліся раней пратэстоўцы. Відаць, падобныя настроі і напалохалі людзей, у кампетэнцыю якіх уваходзіць вызначэнне тых ці іншых матэрыялаў “экстрэмісцкімі”.

Увогуле, калі інфармацыя Арцёма Гарбацэвіча акажацца праўдзівай, і фільм Нехты сапраўды прызнаюць экстрэмісцкім, то беларусам трэба канчаткова развітацца з ілюзіяй таго, што прэзідэнцкія выбары 2020 пройдуць у больш-менш спакойным фармаце. Відавочна, улады будуць скіраваныя на жорсткі сцэнар, які выключае нават бачнасць дыялогу з незадаволенай часткай грамадства.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ