Жаночы твар беларускай апазіцыі



Адзіным сур’ёзным апанентам дзейнага кіраўніка дзяржавы на так званых прэзідэнцкіх выбарах будзе Святлана Ціханоўская. Пасля рэгістрацыі дадзенай прэтэндэнткі ў якасці кандыдаткі спярша падавалася, што ніякіх сюрпрызаў у межах гэтай выбарчай кампаніі не здарыцца. Чалавек з нулявой пазнавальнасцю, хатняя гаспадыня, нявопытны аратар і, да таго ж, жонка палітычнага вязня-закладніка, паводле ацэнкі апанентаў, ніяк не магла прэтэндаваць на статус годнага суперніка. Калі дадаць сюды яшчэ і наяўнасць дзяцей, якія для апазіцыйнага палітыка ў нашай частцы свету з’яўляюцца па факце слабым месцам, то ўвогуле фінал выбараў быў прадвызначаны. Але раптам здарыўся збег абставінаў, якія паказалі, што Святлана Ціханоўская для цяперашняга рэжыму аказалася самым нязручным кандыдатам з усіх магчымых.

Пасля некалькіх публічных выступаў і даволі ўзважаных заяваў Святланы Ціханоўскай ранейшыя запэўніванні Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што беларускім прэзідэнтам не можа быць жанчына, гучаць не настолькі пераканаўча. Больш таго, Святлана Ціханоўская сваім самаадданым крокам абудзіла ў беларусах успаміны пра бабуль і прабабуль, якія ў трагічнай гісторыі ХХ стагоддзя не раз бралі на сябе адказнасць за лёс сям’і. Калі мужчыны ваявалі альбо гінулі ў засценках НКВД, менавіта кабеты выратоўвалі будучае пакаленне ад голаду, адбудоўвалі гарады і выхоўвалі пасляваенных сіротаў. Што б там ні казалі ідэолагі пра “мужчынскі характар беларускай Канстытуцыі”, беларусы цалкам сабе лёгка ўяўляюць жанчыну ў іпастасі кіраўніка дзяржавы. Рэжыму, які лёгка распраўляецца з апазіцыянерамі-мужчынамі, не так проста патлумачыць свае брутальныя паводзіны ў дачыненні да жанчыны-палітыка. Асабліва такога, які падкупляе сваёй нявопытнасцю і адсутнасцю палітычных амбіцый. Нездарма Святлана Ціханоўская без асаблівых складанасцей паразумелася з “канкурэнткамі” са штабоў Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы. Яна з ахвотнасцю пагаджаецца на правядзенне перавыбараў у выпадку перамогі, што таксама пацвярджае адсутнасць у яе намераў трымацца за прэзідэнцкае крэсла. І ўсе гэтыя сігналы, якая яна адпраўляе грамадству, знаходзяць падтрымку. Эвакуацыя дзяцей Святланы Ціханоўскай на тэрыторыю Еўразвязу – таксама сумная навіна для цяперашняй улады, якая, відавочна, атрымлівае пацверджанне таго, што гэтая прэтэндэнтка гатовая да барацьбы.

“Жаночая кааліцыя”, тварамі якой сталі Марыя Калеснікава, Вераніка Цапкала і Святлана Ціханоўская выглядае ў рэпартажах журналістаў цалкам натуральна. Жанчыны ахвотна дапаўняюць адна адну падчас інтэрв’ю і дасылаюць месыджы розным мэтавым групам, што паскарае палітычную мабілізацыю насельніцтва. Жанчыны ў якасці лідараў апазіцыі, без сумневу, з вялікай сімпатыяй будуць успрынятыя не толькі ў Беларусі, але і за кардонам.

У сітуацыі з выбарамі застаецца толькі адна інтрыга, ці застанецца ў бюлетэні прозвішча Святланы Ціханоўскай 9 жніўня. Калі ўлады скасуюць рэгістрацыю кандыдаткі, то гэта будзе азначаць, што рэжым дэ-факта прызнаў сваю паразу.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ