Змена кіруючых элітаў



На гэтым тыдні многія беларусы ўважліва сочаць за падзеямі ва Украіне, дзе новаабраны прэзідэнт Уладзімір Зяленскі выступіў з супярэчлівай, але яркай прамовай. І падтрымка народу, і рэзананс ад прамовы прэзідэнта Зяленскага – халодны душ для постсавецкіх аўтакратаў, якія самі не ведаюць рэальную сацыялогію сваёй падтрымкі праз адладжаную машыну выбарчых фальсіфікацый. Яшчэ больш непакоіць аўтарытарных лідараў на постсавецкай прасторы сам факт таго, што грамадзяне іх краінаў пачалі масава прыглядацца да альтэрнатыўнай мадэлі развіцця. Калі пасля Еўрамайдану, анексіі Крыма і вайны на Данбасе адказ большасці ў Беларусі на пытанне “Хочаце, як ва Украіне”, быў адмоўны. То цяпер многія задумаліся: “А чаму б не паспрабаваць?”.

Уладзімір Зяленскі – не адзіны выпадак поспеху, якога дабіліся прадстаўнікі новай генерацыі. Ягоны армянскі калега Нікол Пашынян – таксама вельмі цікавы прыклад чалавека, які дабіўся ўлады дзякуючы ўмеламу выкарыстанню сучасных камунікацыйных тэхналогій і разуменню грамадскіх патрэбаў. Абодва палітыкі з’яўляюцца прадвеснікамі новай палітычнай эры, калі на замену старым савецкім партфункцыянерам і камсамольскім правадырам паступова пачынаюць прыходзіць новыя лідары. Такія змены дыктуюць законы жыцця і ўсемагутны Інтэрнэт. У гэтым аглядзе я не буду аналізаваць негатыўныя бакі двух лідараў. Паспрабуем засяродзіцца на падабенствах палітыкаў, якія прыйшлі да ўлады ў выніку драматычных падзей. Нікол Пашынян стаў лідарам пасля аксамітнай рэвалюцыі ў Арменіі, а Уладзімір Зяленскі завяршае рэвалюцыйны цыкл ва Украіне.

Артыстычныя натуры

І Нікол Пашынян, і Уладзімір Зяленскі з’яўляюцца артыстычнымі натурамі. Падчас рэвалюцыі ў Арменіі будучы прэм’ер, адчуўшы грамадскія настроі, хутка памяняў рыторыку і знешні выгляд, каб больш адпавядаць чаканням грамадства. Многія аналітыкі заўважылі, як лідар армянскіх пратэстаў рэзка змяніў імідж інтэлігента ў гарнітуры на вулічнага байца з барадой а-ля малады Фідэль Кастра і бейсболкай з лагатыпам адной вядомай маркі адзення. Дарэчы, пасля двух гадоў знаходжання ва ўладзе ад бейсболкі як сімвала блізкасці да народу не засталося і сляда, затое на твары Нікола Пашыняна дагэтуль красуецца барада. Уладзімір Зяленскі радыкальнымі эксперыментамі са знешнасцю не адзначыўся, але ў сваёй працы ў якасці шоумэна ён наважваўся на куды большыя крокі. Дастаткова паглядзець у архівах на ютубе відэа з цяперашнім прэзідэнтам Украіны, каб зразумець, на што ён здольны ў плане акцёрскіх уменняў.

Напоўніцу выкарыстоўваюць магчымасці традыцыйных і новых медыя

Нікол Пашынян і Уладзімір Зяленскі прыйшлі ў вялікую палітыку з медыяпрасторы. Абодва ў сваёй ранейшай працы мелі вялікі досвед паспяховай дзецнасці ў медыйных арганізацыях. Пашынян стаў дэпутатам армянскага парламенту ў выніку працы журналіста. За ягоныя выкрывальніцкія артыкулы і расследаванні фактаў карупцыі папярэдніх функцыянераў рэжыма Саргсяна-Качарана яго нават пакаралі турэмным тэрмінам. Біяграфія Уладзіміра Зяленскага не настолькі гераічная, але за некалькі год да абрання на пост прэзідэнта ён стаў актыўна прасоўваць новыя стандарты ў палітыцы праз запуск серыяла “Слуга народу”. У межах гэтага тэлевізійнага праекту крытыкавалася кумаўство папярэдніх уладаў, візантыйшчына і карупцыя. Абодва палітыкі выкарыстоўвалі паспяхова сацыяльныя сеткі і СМІ ў крытычны час супрацьстаяння з прадстаўнікамі папярэдніх уладаў.

Палітычныя трансфармацыі ў краінах-суседзяў рана ці позна зацікавяць беларусаў, якім таксама хочацца пераменаў. Нездарма ў народзе кажуць, што дзесяцігоддзямі цярпець можна толькі мужа альбо жонку, але не нязменных прэзідэнтаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ