Змена мадэлі камунікацыі



Праз чвэрць стагоддзя даволі жорсткага аўтарытарнага рэжыму, які адмаўляў у праве на існаванне альтэрнатыўнай думкі, не кажучы пра палітычную апазіцыю, у Беларусі назіраецца адліга. Як нехта будзе сцвярджаць пра тое, што нічога прынцыпова не змянілася, то трэба прыгадаць часы, калі на прэзентацыю кнігі моднага пісьменніка Віктара Марціновіча ўрывалася міліцыя, калі топавыя рок-гурты не маглі даць канцэрт нават у падвальным памяшканні, а за дэманстрацыю нацыянальнай сімволікі можна было атрымаць фронткік ад байцоў АМАП-у.

З пункту гледжання ранейшых рэалій змянілася многае, у выніку чаго ўлады былі вымушаныя пераглядзець мадэлі камунікацый са сваімі грамадзянамі. Выбух і распаўсюд сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій прымусіў кіраўніцтва краіны рэагаваць на запыты грамадзян. Пры адсутнасці недзяржаўнай сацыялогіі, пэўную альтэрнатыву гэтым ведам адыгрываюць грамадскія рэакцыі на тыя ці іншыя падзеі ў сацыяльных сетках і на платформах анлайн-петыцый. Не адзін раз было ў нядаўняй гісторыі, калі ўлады імгненна рэагавалі на грамадскую незадаволенасць, убачыўшы надзвычайную папулярнаць якога-небудзь інтэрнэт-звароту. Прыгадайма хаця б збор подпісаў супраць Дэкрэта №3, моц якога дапоўнілася, праўда, масавымі акцыямі пратэсту на плошчах беларускіх гарадоў.

Другая, прычына, якая паўплывала на карэкціроўку паводзінаў уладаў, — змяненне геапалітычнай сітуацыі ў нашым рэгіёне. Пасля анексіі ўкраінскай паўвыспы Крым у 2014 годзе, якая несумненна сталася халодным душам для беларускіх афіцыйных элітаў, у Менску ўключылі рэжым “самазахавання”. Беларускай дыпламатыі на чале з Уладзімірам Макеем было дадзена зялёнае святло для наладжвання стасункаў з Захадам. Дзеля пераадолення бар’ераў у нармалізацыі адносін з еўрапейскімі партнёрамі ўладам Беларусі, хоць і вымушана, давялося рабіць прыемны твар і трымаць сябе ў руках у дачыненні да ідэалагічных апанентаў.

Занепакоенасць уладаў рэваншызмам Крамля не ўдаецца ім прыхаваць. Нават калі чытаеш разгорнуты і падкрэслена ўпэўнены выступ Уладзіміра Макея, у якім ён некалькі разоў падкрэслівае, што турбавацца за незалежнасць дзяржавы няма падставаў. Міністр выкарыстоўвае магчымасці неафіцыйных выданняў, каб звярнуцца да іх масавай аўдыторыі. Аднак такія высілкі Уладзіміра Макея перакрэсліваюцца рэальным станам справаў і паводзінамі бліжэйшага саюзніка. Вось, скажам, са свежага: як падае, “урад Расеі разгледзіць закон аб прызнанні беларусаў і ўкраінцаў носьбітамі расейскай мовы, гэта спросціць атрыманне расейскага грамадзянства для ўраджэнцаў Беларусі і Украіны. Калі закон будзе прыняты, беларусам і ўкраінцам не трэба будзе праходзіць сумоўе на веданне расейскай мовы пры атрыманні расейскага грамадзянства”. Гэты крок, вядома, на афіцыйным узроўні каментавацца не будзе. Альбо, калі пракаментуецца, то ў стылі: “руская мова – другая дзяржаўная, таму мы не бачым праблемы”. Але праблема ад гэтага не здымаецца. Таму афіцыйны Менск вымушаны ісці на такую непажаданую для іх камунікацыю з незалежным грамадствам. Хаця б для таго, каб застрашыць Маскву кансалідацыяй беларускага народу.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ