1908 год: “Ліга барацьбы супраць смяротнага пакарання”



У Расейскай імперыі парушаліся сацыяльныя і нацыянальныя правы вялікай колькасці груп насельніцтва, і смяротнае пакаранне было інструментам, які стрымліваў супраціў.

Між тым, ужо тады ўзнікалі грамадскія ініцыятывы за адмену смяротнага пакарання.

Летам 1908 г. з’явіўся заклік да заснавання “Лігі барацьбы супраць смяротнага пакарання”.

Падобныя Лігі ўжо паспяхова існавалі на той час у краінах Заходняй Еўропы. У Расейскай імперыі Лігу меркавалі заснаваць падчас юбілею пісьменніка Льва Талстога.

 Мэтай была падрыхтоўка грамадства да адмены смяротнага пакарання. Але ў 1909 г. арганізацыі было адмоўлена ў рэгістрацыі з тлумачэннем, што Ліга “можа пагражаць грамадскаму спакою і бяспецы”.

У Расейскай імперыі ўлады баяліся, што магілы пакараных, а смерцю тады часта каралі “палітычных злачынцаў”, стануць месцам, куды будуць прыходзіць нязгодныя з рэжымам, і такія магілы стануць месцамі ўшанавання іх памяці.

І ў сучаснай Беларусі месцы пахавання пакараных смерцю застаюцца таямніцай, якую ахоўвае частка 5 артыкула 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, у якім гаворыцца, што “цела для пахавання не выдаецца, пра месца пахавання не паведамляецца”.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ