Аршанскі цеплаход „Осводовец”



Летам 1976, 77, 78 – і нават 1979 па Дняпры ў Воршы плаваў маленькі цеплоход „Осводовец”.

Сам ён стаяў (ноччу і калі не плаваў) на станцыі „Освод” (цяпер – ратавальная станцыя на Караткевіча 18).

На цеплаходзе былі капітан і матрос.

Капітан з татуіроўкай – фіялетава-сіні якар на руцэ, матрос – прыгожы бландын у клёшах (не джынсы) – Саша.

Плаваў „Осводовец” па маршруце „Ворша-Ляўкі” – на дачу Янкі Купалы.

Стартаваў з гарадскога пляжу, які быў тады каля парку – там прычал.

Над Дняпром гучала: „Кто желает прокатиться на теплоходе „Осводовец”, билеты продаются на теплоходе”.

Матрос рабіў аб’явы і ён жа прадаваў квіткі, а часам квіткі прадавала жонка капітана.

І песні былі на цеплаходзе:

„Весёлые, зелёные, лупатые, Весь мир для нас как тёплый водоём. Вам может показаться, что мы квакаем – На самом деле песню мы поём!”, „В роще моей поёт соловей, спать не даёт тёще моей, возьму я ружьё, убью соловья, спи спокойно тёша моя”, „Мамина пластинка, вышербленный край, про любовь нам, про любовь нам что-нибудь сыграй”, „А любовь, а любовь – золотая лестница, золотая лестница без перил”.

Пад гэтыя песні нам здавалася, што мы будзем жыць вечна. 

Цеплаход „Осводовец” плаваў нармальна да Ляўкоў, але быў вельмі маленькі, таму (а можа і па іншай прычыне) недзе набылі яшчэ два большых цеплахода „Ока” (зусім вялікі) і „Волга” – штосьці сярэдняе паміж „Окой” і „Осводовцем”. Але гэтыя нядоўга праплавалі – чаплялі сваім днішчам дно Дняпра і хутка паламаліся.

Доўга яшчэ стаялі на беразе, як помнікі аршанскаму судаходству, а яшчэ былі баржы – але пра баржы іншым разам.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ