Аўтограф Багдановіча



У сакавіку-красавіку 1997 года мы рыхтавалі ў музеі Максіма Багдановіча выставу „Браты Багдановічы”, прысвечаную Вадзіму і Льву – старэйшаму і малодшаму братам Максіма.

Экспанаты для выставы былі з дзвюх крыніцаў – музея Багдановіча і архіва Літаратуры і мастацтва. З архіва была перададзеная на час выставы і разрыўная куля, якой быў паранены ў нагу Леў Багдановіч падчас Брусілаўскага прарыву.

Мікола Трус хадзіў працаваў у архіў, прынёс адтуль перапіску Льва Багдановіча маскоўскага перыяду – час вучобы ва ўніверсітэце. Гэтыя паходы ў архіў былі не толькі да выставы. Копіі і фотаздымкі рэчаў рабіліся для архіўных сшыткаў, у гэтым выпадку – другога.

Я чытала копіі лістоў, адрасаваных Льву і на адным з канвертаў пабачыла знаёмы почарк, пра які падчас экскурсій было прынята казаць “дробны, бісерны” – быў такі ўстойлівы выраз. „Бісерны” – не па-беларуску зусім, але так казалі пра почарк Максіма Багдановіча.

 І тут бачу яго на канверце, адрасаваным Льву на Яраслаўскі адрас. Напісана, што Леў не жыве цяпер у Яраслаўлі, і пераадрасацыя на Маскву.

О, я знайшла аўтограф Багдановіча! Невядомы аўтограф! Іх жа так мала. Найперш паказала Міколу Трусу, а пасля бегала па музею і ўсім паказвала аўтограф на копіі ліста. Напрыканцы працоўнага дня заехаў да нас супрацоўнік адной камерцыйнай фірмы, якая раней здымала ў нас ў музее памяшканне і запытаўся: – Што новага? – Я знайшла новы, невядомы аўтограф Багдановіча! – Які? Я распавяла.. – А навошта ён? Я сказала, што гэта рэдкасць, што аўтографаў Багдановіча зусім мала, што архіў паэта знік падчас Другой сусветнай вайны і кожнае слова напісанае рукой паэта… – Што з ім рабіць? – Гэта ж адкрыццё? – Якое адкрыццё? – смяяўся мой суразмоўца, ён быў хімік, кандыдат навук.

 І я не разумела, што ёсць іншыя сістэмы ведаў, дзе каштоўнасць трох радкоў, напісаных рукой паэта, можа выклікаць сумніў.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ