Беларуская мова і лаціна



У 1985 годзе, калі я паступіла ва ўніверсітэт, то жыла ў Менску на вуліцы Казінца 37 – у малодшай сястры дзеда.

На той момант ужо пачынала гаварыць па-беларуску з сяброўкамі.

І падручнікаў ў мяне была куча цэлая. Такое адчуванне, што па-сапраўднаму я толькі на першым курсе і вучылася. Прадметаў шмат было. Лацінскую мову вывучалі.

 Сястра майго дзеда, як і дзед, скончыла беларускую школу ў Асіповіцкім раёне. Яны былі з сям’і лесніка. І дзед распавядаў, як бегаў у школу на лыжах. Пасля займаўся біятлонам.

І вось – мяне здзіўляла, як Алена Фёдараўна лёгка чытала падручнік лацінскай, і адразу перакладала. А мне лаціна была – цёмны лес.

І пра беларускую мову.

У яе было амбівалентнае стаўленне. З аднаго боку яна ўхваляла, а з іншага папярэджвала пра небяспеку. Распавядала, як з яе смяяліся ў Міністэрстве фінансоў, дзе яна працавала. Але пасля вайны зноў быў кароткі перыяд беларусізацыі, і тады ўжо тыя, хто смяяўся, бегалі з дакументами да яе на пераклад.

Але агульная думка ў яе развагах была нават не тая, што будуць смяяцца, а што беларуская мова – гэта небяспечна.

Небяспечна і ўсё..

Ну, і лаціну, яна ў беларускай вясковай школе вучыла.

Ці ведаў лаціну мой дзед, Бязручка Пётр Фёдаравіч, – не ведаю. Ён ў памёр у 1980 годзе, быў вайскоўцам. Да беларускай мовы ставіўся з пашанай, часта выкарыстоўваў беларускія словы і выразы.

І была ў яго такая фраза, цалкам беларуская:”Сталін – кат”.

Менавіта, кат.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ