Беларускі дысідэнт



Кнігу пра беларускага дысідэнта і палітзняволенага часоў СССР, які за свае перакананні 17 з паловай гадоў правёў у няволі, можна знайсці ў інтэрнеце на сайце http://spring96.org/files/book/be/2016-kukabaka.pdf

Кніга «Міхась Кукабака» — гэта зборнік артыкулаў, інтэрв’ю, лістоў, які складаецца з чатырох частак: 

  1. Вялікае інтэрв’ю, запісанае 2—4 лютага 2013 года ў маскоўскай кватэры Міхася Кукабакі. Гэтая частка кнігі — на рускай мове, бо менавіта па-руску Міхась Кукабака распавядаў пра сябе, большую частку жыцця ён жыве ўдалечыні ад Радзімы. Але беларускі акцэнт вельмі моцна і выразна адчуваецца ў мове Міхася Кукабакі, які скончыў беларускую школу і адзначае, што ў юнацтве яму значна лягчэй было гаварыць і чытаць па-беларуску.
  2. Літаратурна-публіцыстычныя творы, напісаныя Міхасём Кукабакам у часы СССР. 
  1. Нарыс і дакументы, прысвечаныя своеасаблівай праваабарончай дзейнасці беларускай эміграцыі. Тэксты дакументаў пададзеныя ў арыгінальным правапісе.
  2. Лісты, дакументы і фотаздымкі, якія тычацца жыцця і дзейнасці беларускага дысідэнта Міхася Кукабакі.

У тэкстах першай і другой частак ёсць шмат падабенства, але ёсць і супярэчнасці. На думку ўкладальніка, супярэчнасці абумоўленыя рознымі жанрамі (вусны аповед у выпадку пазнейшага тэксту), а таксама адлегласцю ў часе, якая падзяляе тэксты. Гісторыя жыцця распавядаецца ў розныя часы, у розных умовах, па розных прычынах, з рознымі мэтамі.

Цяпер мала хто можа дакладна аднавіць у памяці 70-я гады ХХ стагоддзя, бо 70-я гады ў СССР — гэта іншы свет, у параўнанні з сённяшнім часам. Адбітак гэтай рэчаіснасці 70-х мы знаходзім у публіцыстыцы Міхася Кукабакі савецкіх часоў. Інтэрв’ю, якое запісвалася ў 2013 годзе, — гэта іншы погляд на самога сябе, погляд з іншага часу. Параўноўваючы тэксты, уважлівы чытач можа атрымаць матэрыял для роздуму і пра час, і пра чалавека.

Дарэчы, матыў адлегласці часу скарыстаны і пры афармленні кнігі — на вокладцы мы бачым Міхася Кукабаку на здымку, зробленым у 2014 годзе ў Бабруйску, які ўглядаецца ў сябе ранейшага — беларускага дысідэнта, які здолеў кінуць выклік таталітарнай сістэме СССР.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ