Бібліяполія



Лістапад 1992 года я праводзіла ў глыбокім задуменні.

Мая сяброўка Алена ў снежні выходзіла замуж, мне трэба было высяляцца з кватэры на Ілімскай, дзе я ў яе жыла і думаць: што далей.

У лістападзе я пісала апавяданне „Белая поўня”, там пераказвалася легенда пра гадаванне Цмока з чорнага пеўня ў горадскіх умовах. Легенду вычытала ў кнізе бацькі Багдановіча „Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў”. Шмат хто апрацоўваў гэтую легенду пасля. Але не гадаванне Цмока было галоўным, найбольш мне хацелася з дапамогай мастацкіх сродкаў перадаць атмасферу няўдалага святкавання Новага 1991 года ў адным з катэджаў Дома творчасці Іслач.

І я пісала тэкст на працы.

У музеі Багдановіча ў той час на арэндзе была газета „Свабода”,  яе выдавец Павел Жук яшчэ прыдумаў незалежны тэлеканал ММ4. Паша мне прапанаваў зрабіць аўтарскую праграму для тэлеканала. Прапанаваў, відаць, каб развесяліць.

І я паралельна з „Белай поўняй” пачала працу над сцэнаром.

Прыдумала, што праграма мусіла быць пра кнігі. Назву шукала па слоўніку слоў замежнага паходжання.

Знайшла вельмі прыгожае „Бібліяполія” – кнігараспаўсюд. Сцэнар першай праграму вырашыла прысвяціць каталіцкаму часопісу „Хрысціянская думка”, які толькі што адрадзілі. Часопіс пачаў выходзіць, рыхтаваўся да друку, а пасля складзіраваўся ў нас у музеі. Я была кшталтам сакратара – дасылала па пошце людзям.

Узяла свой сшытак працоўны ў клетачку і пачала пісаць.

Варыянтаў сцэнару пачатку праграмы было два – і ўсе павінны былі быць знятыя ў мястэчку Краснае, Маладзечанскага раёну.

Першы варыянт – камера здымае знізу, прыступкі, прыступкі і вось гмах касцёл у на горцы – арганы гучаць, выплывае часопіс. Другі быў такі: склеп на каталіцкіх могілках і часопіс выплываў ужо са склепу, а я тлумачыла, што адраджаюцца цяпер выданні, якія лічыліся памерлымі за савецкім часам.

З гэтым сцэнаром Паша Жук адправіў мяне да рэжысёра Віктара Аслюка. Мы сустрэліся каля кінастудыі на станцыі метро „Маскоўская”. І ўсё. Працягу не было ў бібліяполіі.

Апавяданне „Белая поўня” у 1993 годзе Барыс Пятровіч надрукаваў у „ЛіМе”. Але ўсё, што тычылася святкавання на Іслачы не ўвайшло ў друкаваны твор.

Так самае галоўнае заўсёды застаецца за кадрам.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ