Чалавек, які выйшаў з “калідора смерці”
Калідор смерці – гэта калідор у турэмных сутарэннях, дзе знаходзяцца камеры смяротнікаў, выхад адтуль адзін – на расстрэл. І выключэнняў амаль не бывае.
У 1998 г. у Праваабарончы цэнтр “Вясна”, які той момант яшчэ меў назву “Вясна-96”, былі перададзены лісты, напісаныя ў камеры смяротнікаў на “Валадарцы”. Сярод іх знаходзіўся ліст ад Сяргея Праціраева, датаваны 15.07.1998 г. Сяргей Праціраеў знаходзіўся ў камеры смяротнікаў у СІЗА № 1 па вуліцы Валадарскага ў Мінску разам з Іванам Фаміным.
У лісце былі вершы пад назвай “Пісьмо, напісанае людзям”, а таксама восем старонак, дзе падрабязна выкладаліся акалічнасці крымінальнай справы, па якой Сяргей Праціраеў быў асуджаны да вышэйшай меры пакарання.
Аўтар ліста сцвярджаў, што яго справа была сфабрыкавана нядобрасумленнымі следчымі, а таксама разважаў пра тое, чаму ў Беларусі існуе смяротнае пакаранне: “Мы, беларусы, часта здзіўляліся фактам незаконна расстраляных па справе маньяка Міхасевіча (“Віцебская справа”). Але сёння людзей працягваюць расстрэльваць, каб паказаць народу, якая ў нас вядзецца барацьба са злачыннасцю. А што будзе далей, калі падобных да мяне “статыстаў” расстраляюць? Тады будуць страляць звычайных людзей, бо машына беззаконня набірае абароты, і хутка не будзе розніцы, каго страляць, як у 1937 г.”.
На пачатку 1999 г. маці Івана Фаміна паведаміла, што яе сын расстраляны. І з гэтага лагічна вынікала, што расстраляны і ўсе тыя людзі, якія разам з ім знаходзіліся ў камеры смяротнікаў.
У красавіку 1999 г. у “Вясну” прыйшоў ліст ад Сяргея Праціраева – ён пісаў з калоніі, якая знаходзілася ў горадзе Глыбокім. Смяротнае пакаранне яму было заменена на пажыццёвае зняволенне. Чаму? Ёсць меркаванне, што менавіта Сяргей Праціраеў з’яўляецца тым адзіным смяротнікам, якога памілаваў прэзідэнт у перыяд да 2001 г.