Да 30-годдзя музея Максіма Багдановіча



Экспазіцыя музея Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ўрачыста адчынілася ў Менску 8 снежня 1991 года, у той самы дзень, калі былі падпісаныя Белавежскія пагадненні, якія канстатавалі скасаванне СССР як геапалітычныя рэальнасці.

У 1991 годзе падзеі развіваліся імкліва. У адзін дзень магла разваліцца імперыя і адчыніцца музей.

Адкрыццё музея было прымеркавана да 100-годдзя з дня нараджэння паэта. Новы музей ў Менску – пляцоўка для развіцця нацыянальнай культуры, навукі, адукацыі і асветы ў незалежнай Беларусі .

Музей пачаў стварацца ў 1981 годзе – падчас 90-годдзя з дня нараджэння ў Мінкульце вырашылі, што на 100-годдзе ў Менску мусіць адчыніцца музей Максіма Багдановіч. Аснову фондаў музею складалі зборы бібліёграфа Ніны Ватацы і экспанаты перададзеныя сваякамі паэта, ды сабраныя супрацоўнікамі падчас шматлікіх экспедыцыяў.

У 1989 годзе літаратуразнаўца Алесь Бяляцкі стаў дырэктарам музею і працаваў на гэтай пасадзе да жніўня 1998 года. 

Музей сам сабе – таямніца. У тэматычна-экспазіцыйнм плане музея было напісана наступнае:

«Выпадковы дом, пазбаўлены мемарыяльнай абаяльнасці, напоўніўся новым зместам, у ім створаны музей Паэта. Літаратурны музей Максіма Багдановіча знаходзіцца непадалёк ад таго месца, дзе нарадзіўся паэт . З вялікай спадчыны Максіма Багдановіча мемарыяльных прадметаў засталося нешмат: на той час чатыры асобнікі зборніка “Вянок”, арыгінальныя здымкі, рукапісны зборнік вершаў “Зеленя”, некалькі аўтографаў. Гэта каштоўны здабыткі музея. Вялікі архіў паэта быў страчаны падчас Другой сусветнай вайны. Зборы музея – гэта здымкі, дакументы, рукапісы, кнігі, якія належалі сваякам Максіма Багдановіча, і яго сябрам”.

Экспазіцыя ўвасабляла сабою адзіны прыжыццёвы зборнік “Вянок” – кожная зала была прысвечаная пэўнаму перыяду жыцця і адначасова аднаму з раздзелаў “Вянка”.

Залы музея ішлі па коле, гэта было сімвалічнае кола жыцця, як у вершы Максіма Багдановіча, прысвечанаму яго сябру Дзядору Дзябольскаму.

“Быць можа, пуціна жыцця. Лягла пярсцёнкам, друг. I я ў краіне забыцця. Не раз раджаўся, як дзіця. Прайшоўшы поўны круг”.

Апошняй кропкай экспазіцыі быў асаблівы экспанат – гадзіннік, падараваны Максіму Багдановічу бацькам пры заканчэнні гімназіі, які адлічыў апошнія хвіліны зямнога жыцця паэта ў Ялце.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ