Дом на Кірава



6-га сакавіка, Гомель, вулiца Кiрава, дом 74 – цагляны будынак мiжваеннага часу пафарбаваны ў жоўты колер.

Вялікія вокны, на першым паверсе забітыя дошкамі, на другім паверсе – расчыненыя, дзе-нідзе разбітыя.    

Дом – пад знос.

Вясновае сонца.

На даху ўзбуджаныя галубы. 

Галубы залятаюць ў дом праз разбітыя шыбы і вылятаць на вуліцу. У закінутым бязлюдным доме птушкам можна і гнёзды віць. На падваконні другога паверху сядзіць кот – падсоквае, спрабуе схапіць голуба. 

Людзей адсялілі.

На дзвярах папярэджанне пра небяспечную зону і забаронены ўваход. 

Фатаграфую дом, мне шкада жыцця, якое пакінула дом. Хаця да знікнення тут будзе іншае жыццё – гарадская прырода пачала захопліваць дом. 

Падыходзіць жанчына сталага веку, кажа: „Добра, нарэшце людзі дачакаліся зносу”. Гэта пра былых жыхароў дому. Быццам бы паляпшэнне ўмоваў жыцця наўпрост звязана са знішчэннем жытла былога. 

Згадала менскі Дом масонаў – у 1987 годзе мы з сяброўкай  на працы ў архітэктурна-археалагічным атрадзе „Верхні горад” замалёўвалі і мералі архітэктурныя зонды на фасадзе, выйшаў з дому мужчына з вядром памыяў і накінуўся на нас з гнеўным маналогам: „Калі ўжо гэты дом знясуць”.  Была восень. Мерзлі рукі. У Доме масонаў жылі людзі. „Калі знясуць? ” – пытаўся ў нас адзін з жыхароў.

Не знеслі.  Дом масонаў – помнік гісторыі і архітэктуры.  А дом на Кірава 74 ў Гомелі знясуць, ён пакінуты. 

Але пакуль у доме пануюць галубы, на галубоў палююць каты. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ