Дом Ваньковіча
Восень 1986 года, я працую ў архітэктурна-археалагічным атрадзе „Верхні горад”.
Бытоўка наша ў двары дома Ваньковіча. Каля бытоўкі старое дрэва – граб. Ён і цяпер ёсць. Сама прастора вакол дома Ваньковіча абнесеная драўляным плотам, з дому ўжо адселеныя людзі, ён стаіць пусты. Іншыя дамы ў Верхнім горадзе яшчэ жылыя. Калі іду на працу, а зранку яшчэ цёмна, бачу на першым нізкім паверсе на вуліцы Інтэрнацыянальнай ў вакне праз запацелую шыбу чалавека, які ставіць чайнік на газ і збіраецца снедаць.
Некаторыя вокны ў Верхнім горадзе жывыя, свецяцца, некаторыя – ужо ўсё, цёмныя, нават з выбітым шклом, дом адселены, рыхтуецца да рэстаўрацыі (ці як пасла атрымаецца – поўнай перабудовы).
За драўляны плот каля дома Ваньковіча можна было зайсці, асабліва не забаронена, але хадзілі ў асноным тыя, хто меў дачыненне да атраду „Верхні горад”.
І аднойчы я выходжу з бытоўкі, а калі дому Ваньковіча стаіць старая жанчына і пільна ўглядаецца ў пустыя вокны. А пасля звяртаецца да мяне і кажа, што хацела бы зайсці ў дом, паглядзець. Я пачынаю казаць пра мастака, пра тое, што тут будзе музей, што зайсці нельга. А яна кажа, што пасля вайны жыла з гэтым доме, што хоча паглядзець на свой пакой. Што ў яе дачка малая была, яна карміла яе, клала ў дзіцячую ванначку і засоўвала пад ложак, каб малая не выбралася, а пасля прыбягала з працы зноў карміць. Пасля яны пераехалі з гэтага дому – дому Ваньковіча.