Досвед пабудовы экспазіцыі музея ў люстэрку „турэмнай літаратуры”



У 1996 годзе Алесь Бяляцкі стварае праваабарончую арганізацыю, якая тады называлася „Вясна-96” (пазней трансфармавалася ў Праваабарончы цэнтр „Вясна”), і два гады сумяшчае праваабарончую дзейнасць з працай дырэктара Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Два гады да ліпеня 1998 годза Алесь Бяляцкі дзейнічае ў дзвюх іпастасях – праваабаронцы і дырэктара Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Менску (Багдановіча 7а).

У 2022 годзе пра той час Алесь Бяляцкі піша ўспаміны з-за кратаў з СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску. З турэмнага вакна ў добрае надвор’е з СІЗА, Пішчалаўскага замка, бачна царква Пятра і Паўла на Нямізе, дзе штогод 25 траўня ў бытнасць Алеся Бяляцкага дырэктарам навуковыя супрацоўнікі замаўлялі беларускамоўную памінальную службу па Максіму Багдановічу.

З 1989 па 1998 год Алесь Бяляцкі працаваў дырэктарам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Менску. На пасадзе дырэктара, выяўляў стваральную энергію. Калі мы працавалі ў музеі Максіма Багдановіча, ён імкнуўся не толькі захоўваць мінулае, спадчыну, але і ствараць новае. Пад кіраўніцтвам Алеся музейныя супрацоўнікі саджалі ў вёсцы Ракуцёўшчына лес, які быў высечаны немцамі падчас Другой сусветнай вайны. Паўставалі новыя філіі музея — у Яраслаўлі, у Менску («Беларуская хатка»), у Ракуцёўшчыне (сядзіба Лычкоўскіх). Калі Алесь Бяляцкі быў дэпутатам гарсавета, ён займаўся перайменаваньнем вуліц. І вуліца Максіма Багдановіча ў Менску ёсьць дзякуючы намаганням Алеся Бяляцкага. «Лёс нацыянальнай культуры на паваротах гісторыі» — такую канферэнцыю мы правялі ў музеі Багдановіча ў снежні 1993 года, назва аказалася прарочай, бо ў наступным годзе краіну чакаў круты «паварот гісторыі», пры якім «лёс нацыянальнай гісторыі» аказаўся трагічным – пачаліся масавыя рэпрэсіі ўдзельнікаў мірнаых акцый. З вясны 1997 года Алесь Бяляцкі падвяргаецца адміністрпацыйнаму пераследу за погляды і грамадзянскую пазіцыю, пры гэтым застаецца дырэктарам музея.

У 2022 годзе ў лістах з турмы дасылае ўспаміны пра працу ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў 1989-1998 гадах.

Ліст Алеся Бяляцкага №6 27.07.2021: „Мінула 30 гадоў. Успамінаючы той час, разумею, што буду пісаць найперш пра людзей. Бо любы музей гэта найперш – людзі, якія працуюць у ім, якія ствараюць музей вакол яго адметную аўру. Якія дапамагаюць яму расці. Мушу распавесці яшчэ пра некалькі падзеяў, якія адбыліся за лета – ранню восень 1989 –га. Увесь гэты часу ўкаранення дэмакратычных элементаў кіравання ў СССР разгарнулася кампанія выбараў кіраўнікоў установаў і прадпрыемстваў. Выбіралі дырэктароў заводаў, фабрык, інстытутаў і лабараторый. Дайшла гэта я хваля і да нашага Міністэрства культуры. Улетку былі абвешчаныя выбары дырэктара музея Гісторыі беларускай літаратуры, дзе я працаваў. Выбіраюць дырэктара мусіў, нечуваная справа, увесь працоўны калектыў. Наша агульная задача была – адчыніць музей. Задача была няпростай, 90-ты год, у які мы непрыкметна ўвайшлі, як і наступны, былі гадамі татальнага дэфіцыту і крыху пазней інфляцыяй жахлівай. Нечакана для мяне гаспадарчае забеспячэнне адкрыцця і фукцыянавання музея сталі вельмі важныя. У музея былі сродкі, быў неблагі на той час бюджэт. Але, нягледзячы на тое, што мы былі дзяржаўнай установай, за гэтыя грошы вольна амаль нічога немагчыма было купіць. Усё ад негабляванай дошкі, фарбы, шкла да эксклюзіўнай фарнітуры даводзілася даставаць з боем ці з хітрасцю. Чатыры пятых майго працоўнага часу займала гэтае рашэнне і даставанне. Такое становішча ўносіла душэўны разлад. Ідучы на дырэктара музея я ж збіраўся пісаць, вывучаць творчую спадчыну Максіма Багдановіча, магчыма, працаваць з Верай Мікутай над тэматычным планам экспазіцыі, прасоўваць Багдановіча знаўства. Я ж вучыўся на гэта. Літаратуразнаўства было маёй любімай справай, але я мусіў насіцца са Сцяпанавічам па крамах і баха, даставаць гіпс, каляровы метал, заключаць дамовы з фабрыкамі, брыгадамі працаўнікоў і мастакамі. Ды адступаць не было куды. Я быў гатовы разбіцца ўшчэнт, але адчыніць музей”.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ