Эмілія Плятар і жыхары Ракуцёўшчыны



У траўні 1993 года мы, супрацоўнікі музея Максіма Багдановіча, паехалі ў этнаграфічную экспедыцыю па ваколіцах Ракуцёўшчыны.

Мэта  экспедыцыі – збор экспанатаў для філіі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Ракуцёўшчыне.

Пачал а аднаўляцца сядзіба Лычкоўскіх, у якой у 1911 годзе па запрашэнні братоў Луцкевічаў гасцяваў Максім Багдановіч. Пасля археалагічных раскопак на былых падмурках рэканструявалі дамок арандатара і гумно.

У сядзібным доме апошняе лета жыла сям’я Уладзіміра Грышаля – сына арандатара Лычкоўскіх, які ў дзяцінстве сябраваў з Лявонам Луцкевічам, сынам Антона Луцкевіча. За сядзібай Грышалю будавалі цагляны дом, які ў асноўных рысах паўтараў сядзібу.

Пасярэдзіне панадворка расла акацыя, якая засталася яшчэ з часоў Лычкоўскіх.

Мы, музейныя супрацоўнікі, на час экспедыцыі жылі ў адноўленым дамку арандатара – там не было яшчэ экспазіцыі.

Ранкам, я выходжу з вёдрамі з дамка арандатара, каб ісці па ваду да студні. Бачу, што пасярэдзіне двара гаспадар сядзібы Уладзімір Грышаль эмацыйна размаўляе з мужчынам прыкладна свайго ўзросту. Ці то абмяркоўваюць нешта, ці то сварацца – не разабраць.

І раптам Грышаль фактычна выкрыквае да суразмоўцы:

– А ты знаеш Эмілію Плятар?

– Знаю, – хутка і рашуча адказвае яго госць.

– І хто яна?

– Эмілія Плятар – Герой! Палкоўнік!

 І раптам выцягнуўшыся каля акацыі, як на ўроку літаратуры, пачынае чытаць верш на польскай мове. Гэта верш Адама Міцкевіча “Смерць палкоўніка”, напісаны ў 1832 годзе, які быў у праграме пачатковых польскіх школ.

Верш пра Эмілію Плятар – бліскаўка культуры.

Андрэй Грышаль сказаў, што гэта прыходзіў яго аднакласнік. .

У той жа, 1993 год на вуліцы Бялінскага ў Менску каля інтэрнату філармоніі, дзе я жыла на той час  давялося пабачыць мужчыну сталага веку, які таксама дэкламаваў паэзію. Відаць па ўсім, што атрымаў адукацыю па другі бок мяжы, бо цытаваў Міхаіла Лерманава “Мцыры” – Я мало жил, и жил в пленуТаких две жизни за одну, Но только полную тревог, Я променял бы, если б мог”. 

Верш “Смерць палкоўніка” ёсць і ў беларускіх перакладах. Адзін – пераклад Кастуся Цвіркі, сучасны пераклад зрабіла Інэса Кур’ян.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ