Геапалітыка ў цягніках
Когда закончится Беларусь? – запыталi расейскiя спартоўцы ў цягнiку Брэст-Масква, які выехаў з Менску ў 21.30 23 снежня 2018 года.
– Не скоро.
– В смысле, когда мы в Россию приедем?
– После часа ночи. Долго ещё ехать будем.
А зранку таго ж дня ехала цягнiком – „швецарскай электрычкай” ці „Штадлерам” – так іх называюць „Ворша-Менск”, побач чалавек з гучным гiмнам СССР на званку тэлефона.
Першы раз, як зазваніў – я ледзь не падскочыла.
У 1970-я гады на ўроках спеваў настаўніца патраціла шмат часу – і каб вывучылі, і каб навучыліся спяваць стоячы і навучыліся ўставаць пад гукі гімна.
„Союз нерушимый, республик свободных, сплотила навеки великая Русь” , – неслася па вагоне.
Цiкава, каб пры СССР былi мабiльныя цi паствiў бы хто гiмн на званок, а калi паставiў, то хто?
А гэта быў трэнер, які вёз дзяцей-канькабежцаў, якія трэніруюцца ў Аршанскім Ледовым палацам.
Ехалі яны да Менску, а далей іх шлях быў ва Украіну – на спаборніцтвы.
З гучных размоваў трэнера вынікала, што ў Польшчы яны не так даўно таксама былі. Чалавек з выразным беларускім вымаўленнем, з частым выкарыстаннем прыназоўніка”Ці”. Гадоў сарака. Настальгатар па СССР. Увесь час казаў дзецям па дарозе: ” А вот в Советском Союзе”. І вынікала з яго расповедаў, што ў Савецкім Саюзе ўсё было найлепшым – і заробкі, і самы грошы з Леніным фіялетавым, і нават фальшываманетчыкі, якія дасканала падраблялі гэтыя грошы.
А я вось думаю, што калі бы пры СССР былі мабільныя, то нікому бы і ў галаву не прыйшло ставіць туды Гімн СССР у якасці званка.
Ды і не дазволілі бы, як не дазвалялі шмат чаго пры СССР.