Гімн СССР у аўтобусе “Вільня-Менск”
На мяжы ў салоне аўтобуса “Вільня-Менск” нечакана загучаў гімн Савецкага саюзу. Я нават стукнулася каленкай аб сядушку – у няўсвядомленым парыве ўстаць – так да ўзроўню рэфлексу навучылі нас уставаць пры гуках гімну.
Гэтаму ўставанню пад гімн былі прысвечаныя цэлыя ўрокі спеваў – гімн і спявалі, і слухалі, і ўставалі пад яго.
З гімну СССР пачынаўся дзень – а шостай ён гучаў па радыё – спачатку гімн СССР, а пасля – гімн БССР. Пад гімн я ўставала і пачынала збірацца на ранішнюю трэніроўку – яйка на сняданак, гарбата – і наперад.
Такая асацыяцыя – холодны цёмны ранак і гімн.
У салоне аўтобуса “Вільня-Менск” гімн СССР гучаў з мабільнага кіроўцы – званок. Сам кіроўца ў гэты час адсутнічаў – адлучыўся ў краму безпадаткавага гандлю. Аўтобус стаяў на мяжы. Званок гучаў доўга. І да тэлефону стаў пабірацца чарнявы малады хлопец, які да гэтага гучна распавядаў пасажырам, што ён уцякач з Луганскай вобласці, атрымаў прытулак у Літве і мае ў Вільні бізнес, а яго сястра жыве вельмі добра у Менску.
Гукі гімну абарваліся
Уцякач ускінуў рукі і ў стылі КВНу і загаласіў:
– Как хорошо, я думал, что заплачу.
Пасля пачаліся размовы.
Удзельнічалі чатыры чалавекі – жанчына з Менску, уцякачка з Усходняй Украіны, якая жыве ў Італіі, і такая самая – з Германіі.
Яны жалілся на „бесчалавечных еўрапейцаў” – на адну з іх нямецкі кіроўца сказаў “швайн”, за тое, што яна без дадатковай аплаты везла 4 чамаданы.
Яны жахаліся ўцекачам з Сірыі і прадракалі “канец Еўропы”, клялі Гарбачова („сучка”) і Парашэнку. Жанчына з Менску казала пра тое, як добры было без нацыяналізму, як яна зайздросціла украінцам, бо ў іх памідоры растуць без цяпліц.
Хлопец з Луганшчыны кляў віленскіх дзяўчат і крыўяляючыся чытаў беларускія назвы ўздоўж дарогі:
– Манькаўшчына. Ха-ха-ха.
Жанчына з Менску зрабіла яму заўвагу:
– А если бы я приехала в Украну и смеялась над вашими назваииями?
– А я бы смеялся вместе с вами.