Анатоль Сыс на Дзяды-1987
1-га лістапала 1987 года адбыліся першыя Дзяды ў скверы каля помніка Янку Купалу ў Менску.
Паэт Анатоль Cыс зачытваў спіс рэпрасаваных і расстраляных літаратараў.
Чытаў так, што мароз па скуры прабіраў.
Дакладна памятаю, што пасля Дзядоў запіс прамовы разыйшоўся па людзях і арганізацыях.
Памятаю, як яго праслухоўвалі на Гомельскай Талацэ ў лістападзе 1987 года – на бабінным магнітафоне – у падвале слухалі, у былым бомбасховішчы.
У сутарэнніі голас Анатоля Сыса з магнітафона гучаў не менш выразна, а яшчэ і больш таямніча.
І пасля слухалі гэты запіс.
Ці захаваліся яны цяпер?
У мяне такое адчуванне, што чула яго нядаўна гэты запіс, гэты голас. Але – дзе?
Шаноўныя, можа Вы ведаеце лёс гука з Дзядоў 1987?
Там я ўпершню пачула, як спявае Кася Камоцкая без Алеся Камоцкага.
Дзень быў яркі і халодны, з лёгкім марозам.
Шэрань ляжала на зялёнай яшчэ траве газонаў.
Крычалі вароны.
Пісьменнік Кастусь Тарасаў пакінуў ўспамны пра гэты дзень:
„У 1987 годзе мяне папрасіла дзяўчына, каб я выступіў на мітынгу, які праводзяць “Тутэйшыя” і “Талака” у скверы Янкі Купалы. Да гэтага ніякіх яўных мітынгаў у Менску, якія праводзіліся некамсамальскімі моладзевымі аб’яднаннямі не было. Колькі збярэцца людзей мітынгаваць, дзяўчына, якая патэлефанавала мне, не ведала, можа быць, 100 чалавек.
Мітынг быў прызначаны на 1 лістапада, на вядомыя, але ніколі не адзначаемыя Дзяды. Выступалі са мной Пётр Садоўскі і Анатоль Сыс. Садоўскага я паважаў за філасофскае мышленне, добрую моўную адукаванасць, веданне фальклорных песень. Сыс падабаўся мне як выбітны майстар верша. І абодвух я шанаваў за ўвагу да беларуской культуры.
Мы прыйшлі да помніка Купалу а 12 гадзіне. На мітынг сабралося чалавек трыста, усе былі ўсхваляваныя, таму што ніхто не ведаў, ці будзе там міліцыя або група людзей у цывільным, якія з жорсткасцю разагналі 15-летніх дзяўчат за спеў народных песень на “Гуканне вясны” летась.
Перад помнікам стаяў памост, пастаўлены яшчэ ўлетку на свята паэзіі. Многіх я ведаў па сваёй журналісцкай дзейнасці, але палова была мне незнаёмая. Далёка ад усіх высіўся першы сакратар Менскага гаркама КПСС.
Мітынг пачаўся чытаннем вершаў Янкі Купалы, потым прапанавалі гаварыць мне. „Дзяды” было тым словам, якое аб’ядновала ўсіх ахвяраў народу. Я сказаў пра рэпрэсіяі супраць беларусаў за ўсю яго шматвяковую гісторыю. Гаварыць трэба было гучна, узмацняльніка гуку ў нас не было. За некалькі хвілін я пералічыў усе ахвяры, якія ведаў: ад Люблінскай уніі, Патопу, трох расійскіх падзелаў ды савецкіх рэпрэсій 30-40 гадоў.
Пасля выступаў Сыс, лідар “Тутэйшых”, яму было 27 гадоў. Ён прачытаў свой верш “Маналог “Тутэйшага” і ў мёртвай цішыні стаў зачытваць спіс расстраляных сталінскімі карнікамі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.
Надыйшла чарга Пятра Садоўскага. Ён вылучыў для свайго выступу вельмі балючую тэму — параўнаў колькасць забітых у вайну немцаў і колькасць забітых у вайну савецкіх людзей. Гэтая розніца ў 10 мільёнаў чалавек усіх уразіла, з гэтых невядомых 10 мільёнаў, мабыць, расстралялі нашы энкадэвісты.
Напрыканцы маладая Кася Камоцкая пад гітару выканала тры песні, чым выклікала авацыі ва ўсіх, акрамя прадстаўнікоў партыйных органаў.
На гэтым афіцыйная частка мітынгу завяршылася, але каб не засталося “шкоднага меркавання”, пачалася дыскусія, у якой з прамовамі звярнуліся да мітынга Анатоль Майсеня, Мікалай Сташкевіч, Васіль Зуёнак, і пасля ўсё астатнія, не жадаючыя змірыцца з імі за тэндэнцыйныя погляды. І нікога не забралі, наогул міліцыі не было, і ўсё спакойна разыйшліся па дамах”.