Інклюзія



У 1975 годзе ў першым класе пасля першай навучальнай чвэрці я змяніла школу – перайшла са школы №24 у горадзе Гомелі ў школу №26.

Мяне пасадзілі ў сярэднім шэрагу за апошнюю парту з сімпатычным хлопчыкам з габрэйскім прозвішчам, які неўзабаве знік.

Больш пра яго нават не згадвалі – ці то пераехаў ён з бацькамі, ці то з’ехаў зусім і назаўжды. Відаць, і ў першы „Б” клас мяне ўзялі замест яго.

Так я засталася за партай адна. А на апошняй парце ля вакна за партай сядзеў вельмі дзіўны хлопец Алег. Ён выглядаз значна старэйшым. І хутка я даведалася, што ў першым класе яго некалькі разоў пакідалі „на другі год”.

Я і цяпер не ведаю – што ў яго было – магчыма ДЦП. Алег нармальна гаварыў, але хадзіў падкідваючы ногі.

На калідоры на перапынках дзеці з іншых (таксама малодшых класаў) крычалі яму: „Крывалапы!” і плявалі. Тады Алег гнаўся за імі, і яшчэ больш выклікаў смех: „Крывалапы!”

Алег нармальна расказваў вершы на памяць, але пісаць ў яго атрымлівалася крыва і вялікімі літарамі. На перапынках у класе ён часам спяваў. У другі клас ён перайшоў разам з намі, і, здаецца, скончыў.

А пасля яго перавялі ў спецыялізаваную школу.

Ён жыў з бацькамі ў старым драўляным доме на Кірава – каля школы.

Аднойчы, калі мы былі на стадыёне на ўроке фізкультуры, ён прыйшоў да нас і сказаў, што цяпер, у новай школе ён – выдатнік.

Мы паверылі.

У 1985 годзе я ўжо вучылася на філфаку БДУ,

Прыехала ў Гомель на вакацыі, сустрэлася з аднакласніцай Ірай, яна сказала, што Алег памёр – літаральна „згарэў ад высокай тэмпературы”.

Апошнія месяцы ляжаў дома, шмат чытаў, а яго бацька яму казаў: ” В гробу красівым лежать будешь”.

Дом, дзе Алег жыў з бацькамі стаіць і цяпер – толькі я не магу зразумець – жыве ў ім нехта ці не. Як ні іду – аканіцы зачыненыя.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ