“Існуе версія, што маці выкупіла цела сына”



Ці былі ў беларускай гісторыі прыклады палітыкаў, якія вярнуліся з-за мяжы, ўступілі ў барацьбу і загінулі?  Былі.

Сярод іх Міхал Валовіч – удзельнік  паўстання (1830-1831), кіраўнік партызанскага паўстанцкага атраду на Слонімшчыне ў 1833 годзе.

У 1822-1825 гадах вучыўся ў Віленскі універсітэце, быў блізкім да таварыстваў  філаматаў і філарэтаў,  сябраваў з Ігнатам Дамейкам. Удзельнічаў у паўстанні 1830-1831 гадоў. Пасля паразы паўстанння Міхал Валовіч эміграваў ў Францыю, дзе зблізіўся з рухам карбанарыяў. Выступаў за скасаваньне прыгону і бязвыплатную перадачу зямлі сялянам. У 1833 годзе уплывам  Юзефа Заліўскага вырашыў узяць удзел у рэйдзе на тэрыторыю колішняга ВКЛ пад назвай “Народная помста”. 

Міхал Валовіч спадзяваўся ўзняць новае паўстанне, якое павінна быць сялянскім. Пры гэтым Міхал Валовіч спадзяваўся на Еўропу і падтрымку з боку карбанарыеў – паўстанцаў, якія змагаліся за аб’яднанне Італіі.

19 сакавіка 1833 году паўстанцы на перайшлі мяжу Расейскай імперыі. 

Пісьменік Уладзімір Арлоў піша:

Лозунгамі будучага паўстання на беларускіх землях былі Канстытуцыя, надзяленне сялянаў зямлёй, роўнасць палітычных правоў. Валовіча, які належаў да прыхільнікаў абвяшчэння Літвы-Беларусі дэмакратычнай рэспублікай, зацвердзілі паўстанцкім начальнікам слонімска-наваградзкай акругі. Пакінуўшы спакойнае жыццё ў Парыжы, ён праз два тыдні нелегальна дабраўся да роднай Слонімшчыны. Удвух з сваім намеснікам Яцкевічам Міхал меў два рэвальвэры і 55 рублёў. Базаю партызанскага аддзелу зрабілася закінутая смалакурня ў адным з бацькавых фальваркаў. Праз колькі дзён у аддзеле налічвалася ўжо 11 шляхціцаў і сялянаў. У адзін толькі Слонімскі павет улады сцягнулі супроць дзясятка “бунтаўнікоў” болей за тысячу карнікаў”.

Каб здабыць грошы, паўстанцы напалі на пошту. Планавалі ўзяць штурмам турму ў Слоніме, каб вызваленыя вязні далучыліся да паўстанцаў. Гарадзенскі губернатар даў загад абкружыць атрад над Шчарай. Пры затрыманні Міхал Валовіч параніў кінжалам двух чалавек, а затым спрабаваў забіць сябе. Паўстанцы трапілі ў палон.

11 чэрвеня 1833 года ў Гародні Міхала Валовіча асудзілі да смяротнага пакарання праз чацвертаванне, аднак “змякчылі” прысуд – павесілі ў Гародні 2 жніўня 1833 года.

Цела павешанага ўначы перавезлі ў закінуты вапнавы кар’ер і закапалі такім чынам, каб яно не магло быць адшуканае і не сталася б месцам ушанавання..

Даследчык і літаратар Сяргей Чыгрын піша:

“Існуе версія, што маці Міхала Валовіча выкупіла цела сына і прывезла ў вёску Парэчча на Слонімшчыну, дзе пахавала на мясцовых могілках. Там быў пастаўлены і вялікі белы помнік герою. Але, калі на Слонімшчыну прыйшла савецкая ўлада ў 1939 годзе, помнік быў знішчаны. Сёння на могілках вёскі Парэчча Слонімскага раёна ёсць мемарыяльны знак Міхалу Валовічу і яго 12 паплечнікам, які ўстанавілі слонімскія грамадскія актывісты. Там штогод летам ушаноўваецца памяць пра герояў”.

Каб не смяротнае пакаранне Міхал Валовіч мог бы пражыць доўгае і паспяховае жыццё, як Ігнат Дамейка,  быў бы навукоўцам і палітычным дзеячам.

 

 

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ