Кабыляцкая гара



„А ідзі ты на Кабыляцкую гару” – даводзілася чуць мне такую лаянку напачаку 70-ых  ў Оршы. Было зразумела, што пасылаюць не ў самае лепшае месца. Што гэта за гара? І чаму з ёй  звязаная нядобрая слава?

Кабыляцкая гара альбо Кабылякі – месца масавых расстрэлаў пры Сталіне.  

У верасні 1982-га ў  Оршы пры будаўніцтве чыгуначнага алгалінавання ў лесе на Кабыляцкай гары пры будаўніцтве была знойдзена яма з целамі 50 расстраляных.

Камісія з прадстаўнікоў савецкіх і адміністрацыйных органаў (пракурор, судовы эксперт, прадстаўнік ваенкамата, міліцыя) прызнала, што гэта расстрэлы савецкіх часоў.

20 верасня 1982 году камісія правяла агляд парэшткаў, знойдзеных пры будаўніцтве чыгуначнага адгалінавання Орша-Паўночная.

Пасля апытвання мясцовых жыхароў і правядзення эксгумацыі, камісія выключыла магчымасць таго, што гэтыя людзі былі расстраляны падчас нямецкай акупацыі:

“Як правіла, немцы праводзілі расстрэлы адкрыта, а не ў глухіх месцах, з аўтаматаў без пашкоджання касцей галавы <…> Агляд месца паказаў, што пахаванне праведзена ў 1937–1939 гг. у глухім лясным масіве <…> усе пяцьдзясят чарапоў маюць адтуліны ад кулі ў лобнай частцы”.

    У 1990-я гг. на Кабыляцкай гары ўсталяваны памятны знак – вялізны валун – чырвоны дняпроўскі граніт.

 На сёння застаецца актуальнай праблема ўшанавання месца расстрэлаў, якія адбываліся ў 20–30 гг. ХХ ст. у межах тагачаснай Оршы – цяпер мікрараён-3) па Магілёўскай шашы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ