Кот Вольгі Мікалайчык



Затрыманых за акцыю салідарнасці з палітвязнямі трымалі амаль трое сутак без суда, без магчымасці звязацца з блізкімі.

І пацярпелі не толькі людзі, але і жывёлы.

У актывісткі і рэжысёркі Вольгі Мікалайчык дома застаўся зачынены кот – Коця.

Паласаты беларускі кот, які некалі сам прыйшоў да Вольгі жыць – з вуліцы.

Гаспадыня апынулася за кратамі, а кот – адзін, зачынены ў хаце.

Вольга распавядае:

“Гэтым разам у мяне пасля затрымання ўсе 3 содні моцна балела галава і вока ўнутры – можа вірус, можа што іншае, бо, моцна перажывала за зачыненага катА – ці вытрымае без ежы 72 гадзіны.

Раней на судах я адразу аддавала ключы сваім таварышам даглядаць Коцю. А тут – суд толькі праз 3-е сутак – ізаляцыя да суду поўная – амаль карцар.

Мяне затрымалі так: я ішла з крамы пасля інтэрв’ю на Белсаце. Было 2 торбы прадуктаў  замарожаных – мяса грамаў 700, пакет віна. Я гасцей чакала на абед на наступны дзень.

Мая вуліца цёмная – прыватны сектар, на ўзгорку недалёка ад хаты падляцелі на поўнай хуткасці. Далі па тармазах, запіхнулі ў чорны ці сіні бус. “Качкі” у цывільным чалавек 6. Думай што хочаш. За трое содняў прадукты прапалі, апроч садавіны і віна. Казала бандытам, што кот адзін дома застаўся, а ключы толькі у мяне. Ноль на масу”.

 

 

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ