Крыважэрная дзяржава



Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, у якой выконваюцца смяротныя прысуды.  Смяротныя прысуды ў Рэспубліцы Беларусь выконваюцца праз расстрэл.  Час і дзень выканання прысуду не паведамляецца, цела рассталянага не выдаецца для пахавання сваякам.

А ў Еўропе асноўныя аргументы супраць смяротнага пакарання былі сфармуляваныя больш за 250 гадоў таму ў трактаце «Аб злачынствах і пакараннях» Чэзарэ Бекарыа (CesareBeccaria. Dei delitti e delle pene), першае выданне якога з’явілася ў 1764 годзе.

За 250 гадоў, якія прайшлі з моманту з’яўлення кнігі Беккарыа,  праца не страціла сваёй актуальнасці.  Асабліва актуальным трактат застаецца для сучаснай Беларусі.

Італьянскі гуманіст здолеў давесці, што смяротнае пакаранне неэфектыўнае, бо не спыняе злачынцаў.

На думку Бекарыа, больш эфектыўнай мерай пакарання з’яўляецца пажыццёвае зняволенне.

Не мае права на існаванне  смяротнае пакаранне яшчэ і таму, што мае незваротны характар: пасля выканання смяротнага выраку памылка суда непапраўная.

Бекарыа паказвае, што смяротнае пакаранне не толькі неэфектыўнае, але небяспечнае і шкоднае, бо спараджае ў людзей жорсткасць, амаральнасць, помслівасць.

Цяжка сфармуляваць больш важкія аргументы, чым сфармуляваў Бекарыа.

Бекарыа піша: «Абсурдна, калі дзяржаўныя законы з аднаго боку асуджаюць і караюць за забойства, і ў той жа час дзяржава сама ажыццяўляе забойства».

Беларускае Радыё РАЦЫЯ