Летнія ўражанні Максіма Багдановіча



“Из летних впечатлений”  –  падарожныя нататкі на рускай мове, складаюцца з трох нарысаў “Феодосия”, “Старый Крым”, “Поездка в Коктебель”. Упершыню былі надрукаваныя з працягам  ў часопісе “Русский экскурсант”, 1916, 1-3 пад рубрыкай “Родиноведение”, пад кожным нарысам подпіс «М. Богданович».            

Лета 1915 году – фактычна адзіны перыяд дарослага жыцьця паэта, які распісаны літаральна па днях (ёсць аналогія – дзіцячы адпачынак у Вяззі, адкуль маці, Марыя, амаль што кожны дзень пісала лісты бацьку, фіксуючы ўсе дробязі, дэталі і падрабязнасці побыту і асаблівасьць стасункаў у сям’і і па-за ёю).  Падзеі лета 1915 году Максім Багдановіч занатоўваў уласнаручна. Ён быў дарослы 23-гадовы студэнт-юрыст. У  матэрыялах да біяграфіі Максіма Адамавіча Багдановіча, бацька паэта Адам Багдановіч пісаў, што Максім  “у 1915 годзе ездзіў самастойна ў Крым і вельмі ўдала абраў месца для пасялення ў Старым Крыме: гэта адна з лепшых кліматычных станцыяў. І ў лістах, і ў аповедах ён вельмі хваліў кліматычныя ўмовы гэтага месца і таннае жыцьцё. Нават напісаў артыкул  па гэтым пытаньні ў “Рускі экскурсант” П.А.Крыцкага… Паездка дала добры вынік: ён прыехаў бадзёрым і вясёлым”.    

Нарысы “Из летних впечатлений”  былі напісаныя для спецыялізаванага выдання “Рускі экскурсант” з прагматычнай мэтай – зацікавіць патэнцыйных турыстаў пачатку мінулага стагодзьдзя і распавесці ім, што і дзе трэба глядзець.  Але калі напачатку нататкі мелі прыкладны характар, то для нас цяпер істотна і цікава тое, што сам Багдановіч бачыў у Феадосіі.  Можна прыехаць у Феадосію і паставіць сабе за мэту паглядзець тое, што прыцягнула ўвагу Максіма Багдановіча, тое, што ён апісаў у сваіх падарожных нарысах. І сёньня мы маем магчымасць абыйсьці ўсе мясціны, якія выклікалі захапленне ў Багдановіча ў 1915 годзе. У Феадосіі захавалася амаль усё: старыя вуліцы, якія вядуць да мора, дамкі, белыя з гарбатай дахоўкай, музейная экспазіцыя, Генуэзская крэпасьць, Армянскія цэрквы XIV стагодзьдзя.  Можна дакрануцца да мармуровых ільвоў з адшліфаванымі спінамі, пра якіх Багдановіч напісаў так: “У самага ўваходу ў музей ляжаць два мармуровыя львы, грэчаскай работы і вельмі старажытнай эпохі”.  Львы,  якія ляжалі ля ўваходу ў музей, і цяпер ляжаць ва ўнутраным дворыку музею. 

Калі параўноўваць нарысы “З летніх уражаньняў” і  рукапіс, які называюць “інтымны дзённік” паэта, то атрымліваецца, што гэтыя два тэксты паралельна апісваюцць адны і тыя ж падзеі, з’явы і людзей. Сярод спадарожніц аўтара ў яго падрожжы па Старым Крыме і Кактэбеле  можна пазнаць Клаву – летняе каханне паэта. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ