Ліст да Наталлі Арсенневай



Мне мама сказала: ”Калі распавядаеш пра музей, трэба распавядаць і пра экспанаты”. Такім чынам – пераключаюся з людзей на экспанаты. І на тое, як экспанаты для музея Багдановіча здабывалі.

Вось гісторыя пра тое, як здабылі аўтограф верша Наталлі Арсенневай “Устань пясняр!”.

Перадгісторыя такая – на першым паверсе Музея Максіма Багдановіча, дзе цяпер праходзяць літаратурныя імпрэзы, меркавалася зрабіць экспазіцыю, прысвечаную паэтам “багдановічаўскай школы” .

Канцэпцыю пачалі распрацоўваць і экспантаты пачалі збіраць. Тады мы і здабылі аўтограф верша Наталлі Аресенневай “Устань пясняр!”, які і цяпер захоўваецца ў фондах музея.

Восенню 1990 года, па просьбе Алеся Бяляцкага я напісала ліст Наталлі Арсенневай, тэкст і цяпер у мяне, бо лісты пісала спачатку ў чарнавым выглядзе ў адмысловым шэрым працоўным сшытку.

Шэры сшытак захаваўся, ён цяпер у мяне.

Вось тэкст: “Шаноўная спадарыня, Наталля, да Вас звяртаецца супрацоўніца Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Качаткова Паўліна. Наш дырэктар, Алесь Бяляцкі ўжо пісаў Вам. Вашы адказы захоўваюцца ў нашых фондах. Экспазіцыя першага паверху музея будзе прысвечаная паэтам чыстае красы, паэтам, творчасць якіх блізкая па духу паэзіі Максіма Багдановіча. Спадарыня Наталля, у нас ёсць нумар “Беларускай газета” ад 24 траўня 1942 года з Вашым вершам “Устань пясняр!”. У кнізе “Між берагамі” яго няма, а мы бы вельмі хацелі б мець аўтограф гэтага верша для экспазіцыі першага паверха, калі не будзе гэта для Вас лішнім клопатам. Я падаю тэкст верша так, як ён друкаваўся ў “Беларускай газеце”.

Далей я прыводзіла перапісаны тэкст верша.

Наталля Арсеннева адказала, перапісала тэкст сваёй рукой. А ў лісце напісала, што сам верш яна не памятае, б ў той час “пякла вершы, як бліны”.

Адказ Наталлі Арсенневай таксама мусіць быць ў фондах.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ