Магіла – дзяржаўная таямніца
Менск. Вайсковыя могілкі. Цэнтральная алея, злева ад ўваходу, помнік з чырвонага граніту, на ім надпіс: “Івану Пуліхаву. Пакараны смерцю ў ноч 24-25 лютага 1906 года за замах на мінскага губернатара кАта Курлова. Ад Беларускага таварыства паліткатаржан”.
Магіла пакаранага смерцю ў цэнтры Менска? Няўжо напачатку 20-га стагоддзя целы пакараных смерцю выдаваліся пасля выканання прысуду?
Ці гэта сімвалічная магіла? І тут няма цела Івана Пуліхава, які здзейсніў замах на губернатара Курлова, арганізатара расстрэлу мірнага мітынгу на прывакзальнай плошчы ў кастрычніку 1905 года, падчас якога былі забітыя каля 100 чалавек і больш за 300 параненыя.
У Расейскай імперыі целы пакараных смерцю не выдаваліся для пахавання. Дык хто ўсё ж такі пахаваны на Вайсковых могілках у Менску ў магіле эсера Івана Пуліхава, павешанага ў 1906 годзе паміж унутранай знешняй брамай на Валадарцы? Гэта як раз той выпадак, калі дзяржаўаная таямніца, якая ахоўвала месца пахавання, была раскрытая пасля таго, як здарылася рэвалюцыі і Расейская імперыя развалілася. Пасля смяротнага пакарання Іван Пуліхаў быў таемна пахаваны на ускрайку Старажоўскіх могілак. Пра месца пахавання Івана Пуліхава ведаў вартаўнік могілак, праз 20 гадоў ён паказаў на гэта месца былым паліткатаржанам, якія вырашылі ўшанаваць памяць Пуліхава. На на магіле Пуліхава быў усталяваны камень з чырвонага граніту. Помнік прастаяў на Старажоўскіх могілках да іх ліквідацыі ў 1954 годзе, падчас якого парэшткі і магільную пліту перанеслі на Вайсковыя могілкі.
Алег Алкаеў, у 1996-2001 начальнік СІЗА № 1 Мінска, пры ўдзеле якога былі здзейсненыя 134 смяротныя прысуды, цяпер распавядае пра тое, як здзяйсняюцца прысуды, пра тое, што адчувае кат, пра тое, як паводзяць сябе асуджаны ў апошні момант… Ён распавядае пра ўсё, апрача месца, дзе хаваюць пакараных смерцю. Актывістам кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, ён паведаміў, што ўсе месцы вядомыя, ёсць і адпаведныя дакументы, толькі гаварыць пра гэтыя месцы пакуль нельга, бо гэта – “дзяржаўнай таямніца”, якая ахоўваюцца законам, а таксама распіскай “пра неразгалошванне”.