Магія раслін: бэз Зоські Верас і пальма Багдановіча



У музеі Максіма Багдановіча верылі, што з дапамогай раслін можна аднавіць сувязь часоў, з’яднаць мінулае з сучаснасцю і з будучыняй.   

Пра гэта адкрыта не гаварылі, але з дзеянняў так вынікала.

Восенню 1992 года ў Менску на завулку Рабкораўскім каля філіі музея Багдановіча „Беларуская хатка” пасадзілі бэз, які рос каля Лясной хаткі Зоські Верас у Вільні.

Музейныя супрацоўніцы выкапалі яго з дазволу Зоські Верас і прывезлі ў Менск, калі не было яшчэ мяжы паміж Беларуссю і Літвой. 

Белы бэз.

Прывезлі ў Менск. Пакуль на завулку Рабкораўскім ішло будаўніцтва музея і падрыхтоўка экспазіцыі, бэз рос на Алтайскай у садзе Наталлі Мазоўкі, супрацоўніцы Музея гісторыі беларускай літаратуры.

Восеню 1992 года мы з Едрусем Акуліным, які быў загадчыкам філіі “Беларуская хатка”, выкапалі бэз на Алтайскай і прывезлі на Рабкораўскі завулак. Едрусь пасадзіў бэз за домам каля службовага выхаду.

 У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча на Траецкім ёсць пальма.

Напачатку 1991 года, яшчэ да адкрыцця музея, драўляная кадка з пальмай стаяла на першым паверсе ў кабінеце, дзе я працавала. Аднакурснік Сева Рагойша распавёў яе гісторыю: пальму прывёз з Ялты яго бацька Вячаслаў Пятровіч Рагойша, гэта атожылак ад пальмы, якая расла каля дому, дзе памёр Максім Багдановіч у Ялце.

Перад адкрыццём экспазіцыі пальму перанеслі ў фае.

Гісторыю пра пальму ўключылі ў першы музейны экскурс.

Экскурсію ў апошняй пятай зале, якая мела назву „Няздзейсненыя задумы і смерць паэта”, пасля аповеду пра гадзіннік, які адлічыў апошнія хвіліны жыцця паэта, я заканчвала словамі: „А яшчэ ў нас у музеі ёсць экспанат. Ён жывы. Гэта пальма, якую даследчык беларускай літаратуры Вячаслвў Пятровіч Рагойша прывёз з далёкай Ялты ад дому, дзе паміраў Максіма Багдановіч. Пальму вы можаце пабачыць у фае”.

І дзеці беглі па лесвіцы глядзець пальму.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ