Мастак і расстрэлы



Адбылася ў нас размова з мастаком Алесем Пушкіным.

Мастак сказаў:

  • Трэба не змешваць тэму смяротнага пакарання і сталінскіх расстрэлаў! Гэта нельга змешваць у адно. Трэба падзяляць. Гэта рознае.
  • Чаму?
  • Цяпер у нас растрэльваюць толькі нягоднікаў і маньякаў – сапраўдных злачынцаў, а пры Сталіну расстрэльвалі інтэлігентаў і палітыкаў, іншадумцаў, сялян, рабочых.
  • Слухай, але ж і ў тое і другое – расстрэл. А расстрэл – гэта смяротнае пакаранне. Гэта – забойства чалавека паводле рашэння суда. Суд выносіць вырак, а кат выконвае – робіць стрэл у патыліцу.
  • Але ўсё адно – гэта рознае. Сталінскія расстрэлы – гэта іншае.
  • Гэта не іншае. І ў часы Сталіна людзей расстрэльвалі паводле рашэння суда. То бок гэта быў расстрэл, паводле Закона. Гэтак сама, як і ў фашыстоўскай Германіі людзей каралі смерцю паводле Законаў, якія там існавалі. Смяротнае пакаранне – падмурак таталітарызму. Пакуль яно існуе ёсць магчымасць, што чалавека пакараюць смерцю за яго палітычную пазіцыю і перакананні. А яшчэ ёсць пазасудовыя пакаранні, па сцэнары смяротнага пакарння. Успомні ксяндза Ежы Папялушку. А ў нас, у Беларусі, што адбылося напрыканцы 90-ых? Як распраўляліся з апанентамі рэжыму. Забівалі з дапамогай расстрэльнага пісталету.
  • У гэтым я з вамі пагаджуся, – сказаў Алесь Пушкін, – але ў свядомасці людзей усё адно масавыя рэпрэсіі і смяротнае пакаранне падзеленыя.
  • Але і там і тут – гэта адна і тая ж з’ява пад назвай СМЯРОТНАЕ ПАКАРАННЕ. І мы будзем гаварыць пра гэта зноў і зноў. Бо нельга адначасова ўшаноўваць людзей, расстраляных пры Сталіну і выступаць за смяротнае пакаранне.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ